Каб нараджаліся здаровыя дзеці

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Нараджэнне дзіцяці, шчаслівае мацярынства – сэнс жыцця любой жанчыны, аднак не кожная можа з лёгкасцю даць жыццё новаму чалавеку. На Дзятлаўшчыне, як і ў краіне ў цэлым, дэмаграфічная сітуацыя ўскладняецца, таму ў Беларусі вялікая ўвага надаецца падтрымцы мацярынства.

У Гродзенскай вобласці з мэтай аказання спецыялізаванай дапамогі сямейным парам з парушэннямі рэпрадуктыўнай функцыі праводзіцца акцыя “За нараджэнне”. У рамках гэтай акцыі ў Дзятлаўскай ЦРБ прайшоў кансультатыўны прыём пацыентаў з праблемамі бясплоддзя.

Доктар акушэр-гінеколаг, загадчыца паліклінікі Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра Святлана Разіна, доктар акушэр-гінеколаг кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення “Шлюб і сям’я” дадзенай установы Таццяна Кунцэвіч і доктар-уролаг паліклінікі №1 горада Гродна Дзяніс Смірноў сустрэліся з дзятлаўчанамі, якія сутыкнуліся з праблемай зачацця.

З усімі пацыентамі на прыёме былі праведзены кансультацыі, спецыялісты далі рэкамендацыі па назіранні, прызначылі лячэнне.

Пасля прыёму пацыентаў гродзенскія спецыялісты з дзятлаўскімі калегамі правялі круглы стол і абмеркавалі прычыны, якія выклікаюць праблемы рэпрадуктыўнага здароўя, спосабы вырашэння гэтых праблем.

Як адзначыла Святлана Разіна, ад сістэмы аховы здароўя залежыць толькі 10 % падтрымання здароўя чалавека, усё астатняе – спадчыннасць, знешнія фактары, умовы жыцця, шкодныя звычкі. Плануючы цяжарнасць, варта разумець, што адказнасць павінны несці як жанчына, так і мужчына, а пра здароўе ўвогуле трэба думаць з ранняга ўзросту:

Дзяўчынкі і хлопчыкі ўсё менш займаюцца спортам, і гэта не дае карысці здароўю. Частыя стрэсы ў дзяўчынак, няправільнае харчаванне і імкненне стаць не проста стройнымі, а “празрыстымі” прыводзяць да парушэння менструальнага цыклу і нармальнага функцыянавання жаночых палавых органаў.

З-за такіх непрыкметных, на першы погляд, прычынаў можа ўзнікнуць бясплоддзе. Бясплодным лічыцца шлюб, у якім, нягледзячы на рэгулярнае палавое жыццё без прымянення супрацьзачаткавых сродкаў, у жанчыны не ўзнікае цяжарнасць на працягу года пры ўмове дзетароднага ўзросту мужа і жонкі. Мужчынскае здароўе ў планаванні сям’і таксама мае вялікае значэнне, паколькі бясплоддзе – заўсёды следства чагосьці, яно не з’яўляецца проста так.

На тое, што не атрымліваецца зачаць дзіця, можа ўплываць і псіхалагічны стан, няправільнае мысленне, няправільныя падыходы да планавання сям’і, ад чаго рэгуляцыя ўсіх працэсаў у арганізме адбываецца са збоямі. Часта здараецца, што адразу пры трапленні ў спрыяльныя ўмовы накшталт водпуску, курорта ў пары надыходзіць доўгачаканая цяжарнасць. Таму пры планаванні цяжарнасці ёсць таксама неабходнасць кансультавання ў псіхатэрапеўта для таго, каб правільна думаць і правільна настроіцца на цяжарнасць і шчаслівае бацькоўства, – дапоўніла спецыяліст.

Калі праблема бясплоддзя нясе больш сур’ёзны характар, то ў структуры Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра ёсць паліклініка, дзе ў аддзяленні “Шлюб і сям’я” займаюцца пытаннямі планавання сям’і. Там ёсць магчымасць зрабіць дыягностыку любых формаў бясплоддзя.

Па словах гродзенскіх спецыялістаў, адной з прычын бясплоднасці з’яўляецца частковая ці поўная непраходнасць матачных труб. Доктар акушэр-гінеколаг Таццяна Кунцэвіч расказала, што для дыягностыкі праходнасці матачных труб у паліклініцы перынатальнага цэнтра выконваецца дыягнастычная працэдура, якая праводзіцца шляхам увядзення рэнтгенакантраснага рэчыва ў поласць маткі і выканання рэнтгенаграфіі органаў малога таза з мэтай ацэнкі стану поласці маткі і праходнасці матачных труб. Дадзены метад абследавання таксама дазваляе выявіць анамаліі развіцця маткі, эндаметрыёз, фібраматозныя вузлы, якія дэфармуюць поласць маткі, што важна для дыягностыкі бясплоддзя і невыношвання цяжарнасці.

Але нельга лічыць, што ў немагчымасці зачацця вінавата толькі жанчына. Мужчынскае здароўе важна так жа, як і жаночае. Работнікі перынатальнага цэнтра праводзілі даследаванне спермаграм за апошнія 10 гадоў і высветлілі, што па Гродзенскай вобласці вынікі спермаграм сталі значна горшыя і сведчаць пра тое, што мужчынскае рэпрадуктыўнае здароўе зніжаецца.

Востра стаяла пытанне аб раннім палавым жыцці падлеткаў. Менавіта ў іх усё часцей сустракаюцца інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам і правакуюць у далейшым захворванні маткі, прыдаткаў. Заўсёды складаная падлеткавая цяжарнасць, таму што дзяўчынка яшчэ не гатовая да гэтага фізічна, псіхалагічна, сацыяльна. У Дзятлаўскім раёне летась быў выпадак цяжарнасці ў непаўналетняй, і ўжо сёлета ў раённай бальніцы зарэгістраваны яшчэ адзін выпадак падлеткавай цяжарнасці.

 Важна гаварыць з падлеткамі аб сур’ёзным стаўленні да палавога жыцця, не пачынаць яго рана. Але калі гэта здарылася, варта падбіраць правільныя і бясшкодныя спосабы абароны ад непажаданай цяжарнасці, каб не мець праблем са здароўем у будучым, –  сказала доктар акушэр-гінеколаг Святлана Разіна.

Таксама не рэдкасць – раннія аборты, пасля якіх узнікаюць складанасці зацяжараць паўторна. Спецыялісты расказалі, што цяпер у Гродзенскай вобласці ёсць курс перапынення цяжарнасці – медыкаментозны аборт, які нясе самую мінімальную шкоду жаночаму здароўю. Але трэба памятаць, што любы аборт заўсёды негатыўна адбіваецца на здароўі, таму варта больш сур’ёзна адносіцца да сябе і да сямейных каштоўнасцяў. Цяпер у Беларусі кожная шостая пара не можа зацяжараць, і гэта сур’ёзная праблема.

Калі не атрымліваецца зачаць дзіця на працягу паўгода – гэта падстава звярнуцца да доктара. Такая працягласць яшчэ не лічыцца бясплоддзем, але ўжо выдае першыя званочкі пра тое, што не ўсё ў парадку.

Аддаленасць невялікіх населеных пунктаў ад абласных цэнтраў і сталіцы часам становіцца перашкодай для пацыентаў, якім неабходна дапамога спецыялістаў вузкага профілю.

Таму ў перынатальным цэнтры дзейнічае тэлекансультаванне, дзякуючы чаму абмеркаваць праблему са спецыялістам можна дыстанцыйна з дапамогай электронных лістоў. Вядома, агледзець пацыента на адлегласці немагчыма, але па апісаных сімптомах можна скласці план, адрэгуляваць лячэнне або парэкамендаваць неабходнае абследаванне рэальна.

Самая галоўная выснова, да якой прыйшлі медыкі ў час размовы – трэба старанна сачыць за сваім здароўем з падлеткавага ўзросту, не перарываць цяжарнасць, адказна ствараць сем’і, каб там нараджаліся здаровыя і шчаслівыя дзеці.

Юлія БАКУНОВІЧ