Іван Жук правёў прыём у Дзятлаве

Галоўнае Свежыя навіны Улада

13 чэрвеня ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прамую лінію і асабісты прыём грамадзян правёў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук.

Івану Алейзавічу паступілі два звароты ад дзятлаўчан – тэлефонны і асабісты. На прамую лінію да першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама патэлефанаваў жыхар раёна, каб пагутарыць наконт працаўладкавання сына, які мае шэраг абмежаванняў у выбары працоўнага месца з-за стану здароўя. Бацька расказаў, што разам з сынам яны нядаўна былі на прыёме ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Дзятлаўскай выбарчай акрузе № 56 Валянціна Міхневіча. Ім прапанавалі вакансіі на выбар: кантралёра-касіра, прыбіральшчыка на машыне (“Еўраопт”), аператара сувязі ў аграгарадку Хвінявічы, вартаўніка ў Дзятлаве. Сын выказаў жаданне стаць вартаўніком, аднак бацьку непакоіць, што працэдура прыёму на работу доўжыцца некалькі дзён. Іван Алейзавіч даў даручэнне спецыялістам раённай службы занятасці трымаць пытанне на кантролі.

На асабісты прыём да першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама прыйшла жыхарка райцэнтра. Яна агучыла даўнюю праблему. Жанчына скардзілася на непрыемны пах ад палёў фільтрацыі Дзятлаўскага сыраробнага завода, які асабліва адчувальны летам.

Іван Алейзавіч зазначыў, што праблема непрыемнага паху характэрна не толькі для Дзятлава і яна ўжо разглядалася ў вобласці. З-за павелічэння вытворчасці, даступнасці выгодаў цывілізацыі некаторыя ачышчальныя збудаванні не спраўляюцца з аб’ёмамі бруднай вады. Дарэчы, якраз пасля прыёма грамадзян у Дзятлаўскім райвыканкаме прайшла рабочая нарада наконт ачышчальных збудаванняў мясцовага сырзавода. Вырашылі, што пытанне будзе дэталёва вывучацца спецыялістамі на працягу некалькіх месяцаў, а ў планах аблвыканкама на бліжэйшыя гады – дапамагчы кожнаму праблемнаму раёну.

Ірына СТЫРНІК