Мяркую, любы чалавек, хоць раз у жыцці марыў здзейсніць падарожжа ў казку і сустрэцца там з любімымі героямі.
Часам, мары ажыццяўляюцца. 15 чэрвеня ў Дзятлаве на стадыёне “Колас” дзверы ў “Дасканалы свет казкі” жыхарам і гасцям горада адчыніў трэці адкрыты фестываль-карнавал роставых лялек і лялечных тэатраў.
Ужо з раніцы на стадыёне было шматлюдна: гучала музыка, працавалі гандлёвыя кіёскі. Шмат забавак было тут для малечы: ад традыцыйных атракцыёнаў, батутаў і надзіманых горак да фестывальнай інтэрактыўнай зоны. Яна таксама была казачнай. Напрыклад, работнікі Дварэцкага дома культуры заклікалі дзяцей на “Лялечны батл” і прапаноўвалі ім песенныя, танцавальныя, спартыўныя, інтэлектуальныя іспыты. Па суседству працавала яркая тэматычная фотазона з роставымі лялькамі ад узорнага тэатра-гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх”. Свавольніца Маша прыехала ў Дзятлава з Новаельнянскага дома культуры і прывезла шмат рухомых гульняў на пляцоўку “Маша і Мядзведзь”. Нямала цікавых прапановаў для маленькіх аматараў казак было і ў мультыплікацыйных герояў на пляцоўцы “Шчанячы патруль”. Дзеці з радасцю падходзілі то да адных, то да другіх артыстаў, весяліліся з імі ад душы.
Праграму фестывалю-карнавалу “Дасканалы свет казкі” пачаў парад гігантаў і любімых мультгерояў. Ва ўрачыстым шэсці роставых лялек прымалі ўдзел сем творчых калектываў. Шэсць з іх прыехалі на конкурс пазмагацца за званне лепшага і гран пры фестывалю. Гаспадары пляцоўкі, артысты ўзорнага тэатра-гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх” (мастацкі кіраўнік Іван Каско), выступалі па-за конкурсу, але таксама падрыхтавалі для дзятлаўчан і гасцей нямала сюрпрызаў. Першы з іх чакаў прысутных на фестывальнай сцэне, дзе да ўдзельнікаў параду далучыліся тры роставыя лялькі-страусы. Яны здзіўлялі гледачоў дынамічным танцам. Наступнымі танцавальную эстафету перанялі маленькія туземцы, вельмі рухавыя і харызматычныя.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько павітаў гасцей на дзятлаўскай зямлі, падзякаваў ім, што не пабаяліся спёкі і прыехалі, пажадаў поспехаў, удачы, перамогаў.
Сярод членаў фестывальнага журы была вядучы метадыст па тэатральным жанры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аліцыя Рабцава. Яна зазначыла, што з задавальненнем прыехала ў Дзятлава. Як спецыяліста Аліцыю Людвігаўну прываблівае наш райцэнтр, таму што тут працуе найбольш адметны на Гродзеншчыне тэатр роставых лялек.
Роставых герояў для сцэны дзятлаўчане шыюць самі і ў значнай колькасці. Гэта заслуга калектыву энтузіястаў. Не дзіўна, што менавіта на Дзятлаўшчыне праходзіць традыцыйны фестываль-карнавал роставых лялек, сёлета ўжо трэці па ліку.
На сцэну запрасілі канкурсантаў. Першымі гледачоў здзіўлялі госці са Свіслацкага раёна, артысты Грынкаўскага сектара культуры і адпачынку – народны тэатр-студыя гульні “Карагод” з праграмай “Добра ў вёсачцы жывецца”. Яны паказалі, як у іх развіваецца агратурызм і прымусілі гледачоў крыху папрацаваць на гаспадарцы.
Вясёлыя клоўны са Шчучынскага цэнтра культуры прадстаўлялі гурток “Ігратэхнік” з праграмай “У гасцях у Бімкі і Бомкі”. Разам са сваімі памочнікамі Мядзведзем і Зайцам яны каталі дзетак па розных станцыях на імправізаваным цягнічку, ладзілі для іх музычныя гульні.
На тэатралізаванае прадстаўленне “Каляровыя ярмаркі” гледачоў запрасілі ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары” Ярэміцкага дома культуры Карэліцкага раёна.
Народны тэатр гульні “Вясёлы дворык” стаў другім калектывам, які завітаў на фестываль са Свіслацкага раёна. Гледачам артысты тэатра прапанавалі гульнявую праграму “Свята ў коле сяброў”. Вясёлая Пэпі доўгая панчоха і яе памочнікі ладзілі танцы для малечы.
Тэатральныя будні ў пастаноўцы “Сход артыстаў пасля спектакля” вырашылі вынесці на суд журы артысты народнага драматычнага тэатра Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Атрымалася арыгінальна.
Завершыла конкурсную праграму яркае выступленне аматарскага тэатральнага аб’яднання “Люстэрка” Скідзельскага гарадскога Дома культуры. Спектакль пад назвай “Раптам, як у казцы…” быў адметны тым, што традыцыйныя казачныя героі Ліса, Воўк, Маша, Міша і іншыя пасябравалі з высокімі тэхналогіямі, навучыліся карыстацца мабільным дадаткам “Аліса” і навігатарам. Менавіта гэтаму калектыву дастаўся гран пры трэцяга адкрытага фестывалю-карнавалу “Дасканалы свет казкі”. Дыплом за першае месца атрымалі артысты народнага тэатра-студыі гульні “Карагод” (Свіслацкі раён). Іх землякі, народны тэатр гульні “Вясёлы дворык”, заваявалі дыплом другой ступені. Трэцяе месца занялі артысты народнага драматычнага тэатра Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дыпломам “За арыгінальную тэатралізацыю песні” адзначана народнае аматарскае аб’яднанне “Закрытыя твары”, дыпломам “За акцёрскае майстэрства” – гурток “Ігратэхнік”.
Акрамя прыезжых артыстаў, удзельнікам свята не давалі сумаваць юныя выканаўцы Дзятлаўшчыны, Буба-свавольнік і яго сябры, шоў мыльных бурбалак, фітнэс з роставымі лялькамі.
Ірына СТЫРНІК