Дэпутат правёў прыём у Раготне

Галоўнае Свежыя навіны Улада

5 чэрвеня ў будынку Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Дзятлаўскай выбарчай акрузе № 56 Валянцін Міхневіч.

Валянціну Уладзіміравічу паступілі два звароты. Першымі ў кабінет зайшлі жыхар горада Дзятлава і яго бацька-пенсіянер. Малодшы мужчына расказаў, што жадае працаўладкавацца, аднак мае шэраг сур’ёзных абмежаванняў з-за стану здароўя. Па спецыяльнасці ён электрык, але медыкі напісалі заключэнне, што працаваць па прафесіі ўжо нельга. Сярод вакансій, якія прапанавала раённая служба занятасці, кантралёр-касір, прыбіральшчык на машыне (“Еўраопт”), а таксама 0,8 стаўкі аператара сувязі ў аграгарадку Хвінявічы, паўстаўкі вартаўніка ў Дзятлаве.

Выслухаўшы прапановы, мужчына прыняў рашэнне найперш звярнуцца ў “Еўраопт” і больш дэталёва даведацца пра абавязкі прыбіральшчыка на машыне. Таксама ён папрасіў у дэпутата садзейнічання, каб прайсці курс лячэння па сваіх захворваннях у Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Валянцін Міхневіч паабяцаў звязацца па тэлефоне з галоўным доктарам установы і вырашыць гэта пытанне.

Скарыстаўшыся магчымасцю, на прыём да дэпутата прыйшлі жыхары аграгарадка Раготна. У першую чаргу іх цікавіла жыллёвая праблема. У свой час людзі атрымалі ад мясцовай гаспадаркі, якая пазней была далучана да КСУП “Дварэц-Агра”, недабудаваныя дамы. Дабудоўвалі і добраўпарадкавалі іх самі, бо спадзяваліся пазней прыватызаваць. Калі прыспеў час гэта зрабіць, дазволу на прыватызацыю гаспадары кватэр не атрымалі з-за адсутнасці неабходнага пакета дакументаў. Цяпер людзі з’яўляюцца наймальнікамі арэнднага жылля, якое перададзена на баланс Дзятлаўскаму РУП ЖКГ. Прыватызацыю яны лічаць для сябе ўжо немэтазгоднай, але скардзяцца на кепскі стан жылфонду: у кватэрах працякаюць сцены, зімой на іх ацяпленне траціцца шмат дроваў і брыкету. Дамам патрэбны капітальны рамонт. Дэпутат прапанаваў жыхарам такіх дамоў напісаць заяву на капрамонт, паабяцаў узяць пытанне на асабісты кантроль.

Наступная набалелая праблема для раготнаўцаў – транспартнае забеспячэнне. Даехаць да райцэнтра аўтобусам яны маюць рэальную магчымасць па чацвяргах і нядзелях. Па серадах аўтобус спыняецца ў аграгарадку ў 6 гадзін 30 хвілін, а ў Дзятлава прыходзіць у 8 гадзін раніцы. Гэтым маршрутам жыхары амаль не карыстаюцца, лічаць яго немэтазгодным. Людзі просяць перанесці маршрут на больш зручны дзень, напрыклад, суботу. Разабрацца ў сітуацыі, вывучыць запыты насельніцтва і магчымасць пераносу маршрута паабяцаў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч, які таксама прысутнічаў на прыёме.

Напрыканцы сустрэчы дырэктар Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы запрасіла дэпутата на экскурсію па ўстанове. У час яе госць адзначыў, што будынак школы і класы тут прыгожыя і ўтульныя, дагледжана прылеглая тэрыторыя. Паказалі Валянціну Міхневічу і гонар школы – лыжаролерную трасу, музей лёну “Беларускі скарб”, пладовы сад.

 Ірына СТЫРНІК



Теги: