У рамках фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” на стадыёне “Колас” у Дзятлаве адбыўся шэраг спартыўных мерапрыемстваў.
Праграма прапаноўвала аматарам спорту разнастайныя спаборніцтвы, спартыўныя конкурсы, эстафеты.
На пачатку спартыўных мерапрыемстваў гасцей, балельшчыкаў і ўдзельнікаў фестывалю-свята павіталі галоўны спецыяліст Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянцін Варабей, прадстаўнікі спартыўнай сферы раённых ўстановаў адукацыі.
Права ўзняць нацыянальны сцяг краіны прадастаўлена прызёру мінулагодніх раённых спаборніцтваў і пераможцу абласных аднайменных спаборніцтваў сям’і Сямёнавых з Вензаўца.
Першай на старт паклікала спартландыя “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”. У праграму сямейных спартыўных выпрабаванняў увайшлі спаборніцтвы па згібанні – разгібанні рук са становішча лежачы, скачкі ў даўжыню з месца, спаборніцтвы ў гульні пад назвай “Гарадкі”, а таксама дзіцячая лёгкаатлетычная эстафета сярод дзяцей ва ўзросце 6-8 гадоў і 9-11 гадоў, штрафны кідок баскетбольным мячом сярод сем’яў з дзецьмі ва ўзросце 12-14 гадоў.
Спаборніцтвы праходзілі сярод сямейных каманд у трох узроставых групах. У склад кожнай каманды ўвайшлі двое бацькоў і дзіця. Усяго ўдзел у спартландыі прынялі 15 сем’яў з нашага раёна.
Пераможцы спаборніцтваў вызначаліся па лепшых выніках, згодна з устаноўленым рэгламентам. Сем’і-пераможцы былі вызначаны ў кожнай з узроставых груп як у асобных відах спаборніцтваў, так і ва ўсёй праграме.
Ва ўзроставай групе з дзецьмі 6-8 гадоў пераможцай спартландыі стала каманда сям’і Петрыкевічаў, другое месца атрымала сям’я Карамыш, трэцяе месца – у сям’і Трубко.
Ва ўзроставай групе з дзецьмі 9-11 гадоў першае месца заваявала сям’я Шэцік, другое месца – сям’я Мацукевіч, трэцяй у сваёй групе стала сям’яч Рэйба.
Ва ўзроставай групе з дзецьмі 13-14 гадоў перамагла сям’я Сямёнавых, другое месца – у сям’і Абрамчык, трэція – сям’я Горбач.
У абсалютным заліку пераможцамі спартландыі “Мама, тата, я – спартыўная сям’я” стала каманда сям’і Сямёнавых, сярэбранымі прызёрамі – каманада сям’і Петрыкевічаў, бронзавая перамога – у сям’і Шэцік.
Адначасова з сямейнай спартландыяй на старт паклікала лёгкаатлетычная эстафета, асноўная задача якой – здача нарматываў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Удзельнікамі спаборніцтваў сталі працоўныя калектывы фізічнай культуры арганізацый, КСУПаў, установаў адукацыі, навучэнцы раённых школ рознага ўзросту.
Таксама праводзіліся спаборніцтвы па шахматах і шашках, дартсе і стральбе. Апошнімі на старт паклікалі спаборніцтвы па бегу на розныя дыстанцыі.
Акрамя гэтага, на гарадскім стадыёне “Колас” у рамках Першынства Рэспублікі па футболе сярод дзяўчынак праходзілі спартыўныя сустрэчы каманд футбалістак з розных рэгіёнаў вобласці.
Пасля спаборніцтваў стартаваў сезон «VIVA РОВАР — 2019». Велапрабег адбыўся па вуліцах горада Дзятлава.
У рамках фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” прайшлі матчы па міні-футболе “Бацькі і дзеці”. Удзельнікамі спартыўных сустрэч сталі юныя аматары футбола і іх бацькі. Матчы ладзіліся як паміж дзецьмі і дарослымі, так і ў змешаных камандных сустрэчах.
Для бацькоў і дзяцей, якіх зацікавіў фармат падобных футбольных сустрэч, адзначым, што наступныя гульні сямейных спаборніцтваў будуць арганізаваны ў бліжэйшы час.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ