Захінуўшы Радзіму крылом

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Жанчына і вайна.

Словы гэтыя адной часціны мовы, аднаго роду, але ў свядомасці чалавека абазначаюць строга супрацьлеглыя паняцці. Жанчына дорыць жыццё, ахоўвае яго, аберагае. Вайна губіць і ламае лёсы, разбурае дамы, выядае вочы дымам пажарышч. Тым не менш, калі над Радзімай і суайчыннікамі навісла фашысцкая навала, пагроза знішчэння і прыгнёту, жанчыны падставілі свае кволыя плечы, усклалі на іх не толькі цяжар працоўных вахтаў у тыле, але і жахі ваенных баявых дзеянняў. Гісторыкі не ўстанавілі дакладную лічбу, але ў розных крыніцах сустракаюцца звесткі, што ў час Вялікай Айчыннай вайны на яе франтах ваявалі ад 800 тысяч да мільёна савецкіх жанчын. Медыкі, сувязісткі, снайперы, авіятары, сапёры – ім пакарыліся больш за 20 ваенных спецыяльнасцяў. Масавы ўдзел савецкіх жанчын у вайне – з’ява беспрэцэдэнтная ў сусветнай гісторыі. Такога не адзначалася ні ў нацысцкай Германіі, ні ў краінах-саюзніцах.

Узгадаць цікавыя факты ў гэтым артыкуле хацелася б менавіта пра лётчыц. Васямнаццацігадовых дзяўчат і зусім маладых жанчын, якім пакарылася неба. Многія ведаюць, што ў Савецкім Саюзе ў час Вялікай Айчыннай вайны функцыянавалі тры жаночыя авіяцыйныя палкі. Указ аб іх стварэнні выйшаў 8 кастрычніка 1941 года. Адбылося гэта дзякуючы вядомай лётчыцы Марыне Расковай. Ужо на той момант яна была Героем Савецкага Саюза і звярнулася з такой прапановай непасрэдна да таварыша Сталіна.

Дзяўчыны актыўна ішлі ў авіяцыю, бо ў моладзі былі папулярны аэраклубы, якія функцыянавалі ў СССР. Яшчэ напярэдадні вайны, у верасні 1938-га, Паліна Асіпенка, Валянціна Грызадубава, Марына Раскова ажыццявілі бесперасадачны пералёт Масква – Далёкі Усход працягласцю звыш 26 гадзін, за што былі ўдастоены званняў “Герой Савецкага Саюза”.

Паколькі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва станавіліся даволі сур’ёзнымі канкурэнткамі мужчынам у небе, што пацвярджалі сваімі дасягненнямі, быў атрыманы дазвол на фарміраванне трох авіяцыйных палкоў: 586-га, 587-га і чыста жаночага 588-га, які ў лютым 1943 года быў перайменаваны ў 46-ы Гвардзейскі Таманскі полк. Дарэчы, лётчыц менавіта гэтага палка немцы празвалі “начнымі ведзьмамі”, паколькі бамбіць пазіцыі ворага яны выляталі ноччу.

Шляхі-дарогі франтавыя

Кіравала фарміраваннем Марына Раскова. Камандзірам палка была капітан Еўдакія Бяршанская, пад камандаваннем якой змагаліся да канца вайны, жартоўна іх так і называлі: “дунькіным палком”. Партыйна-палітычнае кіраўніцтва ўзначаліла Марыя Рунт. Пры падборы кандыдатак Раскова гутарыла з кожнай дзяўчынай-добраахвотніцай. Камісія адбірала найперш інструктараў, курсантаў аэраклубаў, але звярталі ўвагу і на дзяўчат, якія па ўзроўні ведаў маглі хутка асвоіць лётную справу. Так былі адабраны студэнткі Яўгенія Руднева, Руфіна Гашава, Наталля Меклін, педагог Марыя Смірнова, якім наканавана было стаць Героямі Савецкага Саюза (усяго за гады вайны гэта ганаровае званне было прысвоена 23 ваеннаслужачым 46-га Гвардзейскага Таманскага палка).

Адабраных камандзіравалі на вучобу ў горад Энгельс Саратаўскай вобласці. Да вайны “на лётчыка” вучыліся тры гады, дзяўчатам давялося асвоіць курс за 6 месяцаў. Займаліся па 12 гадзін у суткі. Баявой машынай “начных ластавак” стаў “нябесны ціхаход” – так называлі самалёты У-2, на якіх лятаў жаночы полк. У 1944-м гэты начны бамбавік-біплан перайменавалі ў По-2 у гонар яго канструктара Мікалая Палікарпава. Без радыёсувязі і бронеспінак, здольных абараніць экіпаж ад куль, з маламагутным маторам, які мог развіваць максімальную хуткасць 120 кіламетраў у гадзіну, на самалёце не было бомбавага адсека – бомбы мацаваліся пад плоскасці, не было прыцэлаў – іх стварылі самі дзяўчаты. Колькасць бомбавага грузу мянялася ад 100 да 300 кілаграмаў, але за ноч адзін самалёт паспяваў зрабіць да дзесяці, зрэдку і больш вылетаў, таму сумарная бомбавая нагрузка раўнялася нагрузцы вялікага бамбавіка. Калі По-2 пікіравалі на варожыя пазіцыі, было чутно толькі трэнне крылаў аб паветра, гук нагадваў шум ведзьміных мяцёлак, адсюль і каларытная назва палка.

23 мая 1942 года полк вылецеў на фронт, куды прыбыў 27 мая. У яго склад уваходзілі 115 жанчын, большасць ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў. Першы баявы вылет адбыўся 12 чэрвеня 1942 года ў раёне Сальскіх стэпаў. Пасля дзяўчаты ваявалі на Доне, у раёне ракі Міус і горада Стаўрапаля, у канцы 1942-га абаранялі Уладзікаўказ, затым удзельнічалі ў суровых сутыкненнях з ворагам на Таманскім паўвостраве, дзе Чырвоная армія і ваенна-паветраныя сілы вызвалялі Новарасійск. “Начныя ведзьмы” ўдзельнічалі ў бітвах за Кубань, Крымскі паўвостраў, Беларусь, іншыя рэгіёны Савецкага Саюза. Калі савецкія войскі перайшлі мяжу, лётчыцы ваявалі на тэрыторыі Польшчы, Прусіі, у апошнія месяцы вайны ўдзельнічалі ў легендарнай Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі.

За час баявых дзеянняў лётчыцы авіяпалка ажыццявілі 23 672 баявыя вылеты, 400 з іх – у небе над Беларуссю.

 “Начныя ведзьмы” пад Наваельняй

З гістарычных крыніц, сярод якіх кніга “Памяць” Дзятлаўскі раён”, вядома, што 46-ты Гвардзейскі Таманскі жаночы полк начных бамбавікоў 4-й паветранай арміі 2-га Беларускага фронту пры вызваленні тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пэўны час базіраваўся ў раёне пасёлка Наваельня. Было гэта прыкладна ў сярэдзіне ліпеня 1944 года. У ноч з 13 на 14 ліпеня пасёлак бамбіла нямецкая авіяцыя, каб знішчыць 89-ты мінамётны полк “Кацюш”, які знаходзіўся тут на начной стаянцы, што пацвярджаюць запісы Падольскага архіва. Былі забіты 5, паранены 20 ваеннаслужачых 89-га мінамётнага палка, а вось 46-ты Гвардзейскі Таманскі полк не пацярпеў ад бамбёжкі. Значыць, нямецкая разведка, якая адсачыла рух савецкай мінамётнай тэхнікі з Навагрудка ў раён ракі Шчара, не мела звестак аб знаходжанні каля Наваельні самалётаў праціўніка. Некалькі радкоў пра гэта з кнігі “Памяць” Дзятлаўскі раён”, дзе змешчаны ўрывак з кнігі “Начныя ведзьмы” Раісы Аронавай: “Узгадалася, як у адну з начэй немцы моцна бамбілі станцыю Наваельня, і мы вельмі баяліся, каб яны не ўдарылі па нашым аэрадроме. Палёты часова спынілі, смалёты рассяродзілі”.

Як “начныя ведзьмы” аказаліся пад Наваельняй, даведваемся з той жа крыніцы: “У Наваельню мы вырашылі завярнуць пераважна толькі для таго, каб паглядзець (і паказаць) пляцоўку, кожны ўзлёт з якой быў звязаны з немалой рызыкай. І, магчыма, менавіта таму яна да гэтага часу бачыцца ў дэталях. Упэўнена, што з якога боку ні глянула б на яе цяпер – пазнаю абавязкова. Бо перш чым узлятаць, мы вымералі яе ўздоўж і поперак, агледзелі кожную ямку, вывучылі ва ўсіх дэталях канфігурацыю верхняй кромкі лесу, у напрамку якога быў узлёт”. І там жа чытаем, на якія хітрыкі ішлі лётчыцы, каб падняць самалёты ў неба з непрыстасаванай узлётнай паласы пад Наваельняй: “Беларуская зямля не песціла нас добрымі аэрадромамі. Дарэчы, мы ніколі не стаялі на стацыянарных аэрадромах, а заўжды ляталі з прыродных пляцовак, якія знаходзілі самі і прыстасоўвалі для работы. Не ўсё ўдавалася гладка. Пад Наваельняй мы, як кажуць, уліплі на паспешліва выбранай пляцоўцы. Пясок. Узлятаць з бомбамі немагчыма. А заданне выконваць трэба! Тым не менш, знайшлі рашэнне: некалькі чалавек трымалі самалёт за плоскасці, лётчыца давала поўны газ. Матор роў, набіраючы магутнасць. Каманда “пайшоў” – усе адбягалі, самалёт рваўся з месца і, падняўшы за сабой клубы пяску, узлятаў”.

Знаходлівасць, майстэрства, адвага лётчыц 46-га палка навучылі ворага паважаць іх, баяцца, прыпісваць жанчынам-лётчыцам амаль міфічныя здольнасці. На жаль, гэта не ўратавала полк ад баявых страт, якія склалі 32 чалавекі. Хоць лётчыцы гінулі за лініяй фронту, ні адна з іх не лічыцца зніклай без вестак. Пасля вайны камісар палка Еўдакія Рачкевіч на грошы, сабраныя дзяўчатамі, аб’ездзіла ўсе месцы, дзе падалі самалёты, адшукала магілы загінулых.

“Калі глянуць на вайну жаночымі вачамі, дык яна страшней-страшнага”, – пісала адна з былых франтавічак. Але жынчыны поплеч з мужчынамі ішлі ваеннымі дарогамі, так жа геройскі гінулі і разам адстаялі для нас Перамогу, магчымасць жыць, гадаваць дзяцей без страху, з надзеяй, пад мірным небам.

Ірына СТЫРНІК



Теги: