Як захаваць псіхічнае здароўе ў сталым узросце

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Калі дрэнны настрой цягнецца тыднямі, размова можа ісці пра дэпрэсію.

Прыкметы дэпрэсіі

Асноўнымі характарыстыкамі дэпрэсіі з’яўляюцца адчуванне стомленасці і апустошанасці, безнадзейнасці і непапраўнасці, у гэтым стане завышана самакрытыка, прысутнічае пачуццё глыбокай віны.

– Чалавек пачынае займацца самаедствам, бясконца сябе вінаваціць, пастаянна наракаючы на абставіны і жыццё ўвогуле, часта крытыкуе навакольных і блізкіх за адсутнасць разумення яго стану, яго раздражняюць пазітыўныя людзі, ён ва ўсім шукае недахопы, – тлумачыць доктар-псіхатэрапеўт Дзятлаўскай ЦРБ Барыс Отчык. – Тое, што раней прыносіла задавальненне, яго ўжо не радуе. Цяжкі эмацыянальны стан узмацняецца фізічнымі недамаганнямі: парушэнні функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы і абмену рэчываў, бяссонніца, адсутнасць апетыту.

Узроставы крызіс

Больш складаным відам з’яўляецца ўзроставая дэпрэсія. Яна мае свае прычыны: эмацыянальны стан ускладняе пагаршэнне фізічнага здароўя, звязанае з пэўнымі ўзроставымі змяненнямі ў арганізме. Чалавек, які выходзіць на заслужаны адпачынак, вельмі выразна адчувае розніцу паміж сваім ранейшым ладам жыцця і цяперашнім.

Як пераадолець дэпрэсію

Скараціце да мінімуму кантакт з людзьмі, якія выклікаюць у вас адмоўныя эмоцыі Абавязкова павінен быць чалавек, які вас выслухае, паколькі вельмі важна ведаць, што вы не адзінокія. Кантактуйце з людзьмі пазітыўнымі.

Можаце заняцца прысядзібнай гаспадаркай, кветкаводствам ці завесці хатнюю жывёліну.

Карысныя павольныя прагулкі на свежым паветры, гімнастыка раніцай, плаванне.

Неабходныя паўнавартасны сон і добры адпачынак.

Пастарайцеся планаваць сваю будучыню, не трэба баяцца перамен, але задумкі павінны быць толькі пазітыўнымі.

Юлія БАКУНОВІЧ