Прадстаўнікі раённай вертыкалі ўлады выступілі са справаздачамі

Важнае Свежыя навіны Улада

Са справаздачамі аб развіцці сацыяльна-эканамічнай сферы Дзятлаўскага раёна ў першым квартале 2019 года перад жыхарамі Дзятлаўшчыны выступілі прадстаўнікі раённай вертыкалі ўлады.

Старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік сустрэўся з жыхарамі Жукоўшчынскага сельсавета, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі – з жыхарамі Войневіцкага сельсавета, перад працоўным калектывам КСУП “Слава працы” выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Бабіна, перад калектывам аддзела ўнутраных спраў – намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, перад калектывам ДРБУ-119 – намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі, перад калектывам ААТ “Наваельнянскі міжрайагразаб” – намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко.

У прыватнасці, былі адзначаны пэўныя поспехі і шэраг пытанняў, якія належыць вырашыць. Напрыклад, у аграрным сектары тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў першым квартале склаў 103,7 % пры заданні 101,6 %. Пры гэтым, паказчыкі бізнэс-плана развіцця выканалі КСУП “Дварэц-Агра”, “Белагурна”, ААТ “Граніт-Агра”. Паказчык па зніжэнні затрат на вытворчасць прадукцыі за студзень-сакавік выканалі тры гаспадаркі раёна, даведзенае заданне па атрыманні чыстага прыбытку, скарачэнні стратаў – чатыры гаспадаркі, заданне па рэнтабельнасці продажаў – 5 гаспадарак. У цэлым па раёне на 10 кілаграм знізіўся ўдой малака на адну карову. Сярод прычын – невыкананне патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту вытворчасці малака, недахоп канцэнтраваных кармоў, недасканалая арганізацыя раздою навацельнага пагалоўя. Затое ў студзені-сакавіку павысіліся сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы і свіней. Практычна завершана ў раёне яравая сяўба сельскагаспадарчых культур: пасеяна 92 % ад плана, у бліжэйшы час работы будуць завершаны.

Што тычыцца характарыстыкі іншых галінаў эканомікі раёна, то пераважна ўсе планавыя паказчыкі ў першым квартале гэтага года выкананы, акрамя трох. Так, знізіўся рознічны тавараабарот гандлю праз усе каналы рэалізацыі. Каб выправіць сітуацыю і прыцягнуць пакупнікоў, адкрываюцца новыя магазіны: два ўжо працуюць з пачатку гэтага года, запланавана адкрыццё магазіна “Санта Брэмар”, а ў раёне вуліцы Навагрудскай з’явіцца новы гіпермаркет. Не выкананы таксама планавы паказчык аб’ёму будаўніча-мантажных работ. Адбылося гэта з-за запавольвання будаўніцтва новага пажарнага дэпо, якое фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту. У першым квартале адзначаліся праблемы з экспартам паслугаў, без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання. Самыя буйныя экспарцёры паслугаў у нашым раёне – санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”. Калі першы выканаў планавыя паказчыкі, то ў “Альфа Радона” ў студзені-сакавіку наведвальнікаў было менш. Аднак наперадзе час адпускоў, і чакаецца, што да канца года гэты паказчык будзе выкананы.

У першым квартале 2019 года прамысловымі прадпрыемствамі раёна выраблена прадукцыі ў фактычных цэнах, уключаючы кошт давальніцкай сыравіны, на суму 33212 тысяч рублёў. Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 105,7 % пры заданні 100,0 %. Намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата аднаго работніка ў галінах эканомікі раёна ў першым квартале 2019 года склала 704,7 рубля, тэмп росту рэальнай зарплаты за студзень-сакавік – 108,5 %. На Дзятлаўшчыне памяншаецца колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, але захоўваецца попыт на рабочую сілу.

Ірына СТЫРНІК
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Вольга ЮШКЕВІЧ

 



Теги: