Старшыня ФПБ Міхаіл Орда наведаў гімназію №1 горада Дзятлава

Галоўнае Свежыя навіны Улада

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда часта наведвае сваю малую радзіму, а 24 мая ён пабываў у роднай школе – гімназіі № 1 горада Дзятлава (раней – СШ № 2).

Прафсаюзны лідар сустрэўся з гімназістамі і расказаў пра прафсаюзны рух, які існуе ўжо 115 гадоў.

Таксама Міхаіл Орда ўзгадаў сваё дзяцінства і актыўную дзейнасць у школьныя гады, параіў цяперашнім школьнікам рухацца наперад, быць ініцыятыўнымі:

– Сёння вам трэба пастарацца ў гэтай школе ўзяць столькі ведаў, каб у дарослым жыцці быць устойлівымі і канкурэнтнымі, знайсці работу па душы і дамагацца поспехаў.

Старшыня ФПБ параіў школьнікам адказна адносіцца да выбару будучай прафесіі і вучыць замежную мову, а яшчэ лепш – не адну, каб упэўнена працаваць у розных сферах і супрацоўнічаць з калегамі-замежнікамі. Таксама пажадаў не толькі паспяхова працаўладкавацца пасля студэнцтва, але і пастаянна расці ў прафессіі:

– Старайцеся павышаць кваліфікацыю, сёння тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка, і трэба ісці ў нагу з часам.

Да 115-годдзя прафсаюзнага руху ў Беларусі Міхаіл Орда ўручыў старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гімназіі № 1 горада Дзятлава Святлане Кетка юбілейны медаль і кнігу з гісторыяй ФПБ.

Узнагароду і падзяку за сацыяльнае партнёрства атрымаў і дырэктар гэтай установы адукацыі Валерый Ішуцін.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўручыў Падзячны ліст за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандру Дубовіку. Таксама Міхаіл Орда перадаў Аляксандру Дубовіку ўзнагародныя нумарныя часы, “каб звяраць час з прафсаюзам”.

Пасля старшыня ФПБ прайшоўся па школе, якую скончыў у 1983 годзе, і падзяліўся ўспамінамі, якія звязаны з роднымі сценамі.

Юлія БАКУНОВІЧ