Святочнае мерапрыемства ў рамках раённага праекта “75 дзён да Перамогі” прайшло ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Гэты праект пачаўся ў лютым і аб’яднаў жыхароў усіх населеных пунктаў нашага раёна адной мэтай: аддаць даніну павагі вялікаму подзвігу суайчыннікаў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кожны сельскі савет па чарзе прымаў сімвалы Перамогі – Капсулу памяці і Сцяг Перамогі, а 4 мая ў Дзятлаве старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка перадаў капсулу і сцяг старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Бараноўскаму.
Праект “75 дзён да Перамогі” дэманструе пераемнасць пакаленняў і неразрыўную сувязь з нашым гераічным мінулым, таму ў фае Цэнтра культуры ў гэты дзень праходзілі акцыі “Аўтографы Перамогі” і “Пісьмо пераможцу”. Жадаючыя маглі напісаць сваё пісьмо-віншаванне ветэранам у традыцыях салдацкіх трохкутнічкаў.
Вайна і песня: на першы погляд, што можа быць агульнага паміж імі? І, тым не менш, песня заўжды суправаджала салдата ў паходзе і на прывале. Вось і сёння песні і музычныя нумары выканалі раённыя артысты і навучэнцы школ – як у ваенныя часы франтавыя канцэртныя брыгады.
Завершыцца праект “75 дзён да Перамогі” 9 мая на плошчы нашага горада, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы макет Сцяга Перамогі і капсула з пасланнем нашчадкам з надпісам “Капсулу ўскрыць і зачытаць пасланне ў 2045 годзе ў год 100-годдзя Вялікай Перамогі” будуць перададзены ў раённы музей.
Каля помніка Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў горадзе Дзятлаве адбыўся ўрачысты мітынг, прымеркаваны да 74-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Памяць пра ўсіх, хто мужна адстаяў свабоду сваёй Радзімы, ушанавалі словамі падзякі і хвілінай маўчання.
Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна нагадаў, што ўсё менш застаецца сведкаў той вайны, але з гадамі людзі не перастаюць захапляцца мужнасцю таго пакалення, будуць заўжды ім удзячныя, павіншаваў усіх з Днём Перамогі.
Дзятлаўчане ўсклалі кветкі і вянкі да помніка як даніну мужнасці, гераізму і стойкасці герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Ушанаваць памяць герояў, ускласці вянкі да помніка ў Дзятлава прыехала 120-я гвардзейская Рагачоўская Чырванасцяжная ордэнаў Суворава ІІ ступені і Кутузава ІІ ступені асобная механізаваная брыгада імя Вярхоўнага савета БССР, якая з’яўляецца правапераемніцай 120-й гвардзейскай Рагачоўскай Чырванасцяжнай дывізіі, камандзірам якой быў герой Савецкага Саюза гвардыі генерал-маёр Ян Фогель, а намеснікам – герой Савецкага Саюза гвардыі палкоўнік Павел Пятроў.
Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ