“Перанеслі” музей у віртуальную прастору

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Навучэнец 11 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы Яўген Анушкевіч заваяваў дыплом трэцяй ступені за даследчую работу ў галіне інфарматыкі на ІХ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных навучальных установаў і студэнтаў малодшых курсаў ВНУ “Ад Альфы да Амегі” ў секцыі “Інфарматыка”.

Яго настаўнік і навуковы кіраўнік праекта Валерый Нагорны адзначаны сертыфікатам конкурсу.

Мы даведаліся, што за праект прынёс “бронзу” нашым землякам.

– На Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Ад Альфы да Амегі” мы прадставілі 3D-панараму народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Дзеці ліхалецця”, які функцыянуе ў нашай школе, – расказвае Яўген Анушкевіч. – Варта зазначыць, што ідэя стварэння такой панарамы належыць кіраўніку музея Тамары Крывеня, а  над “тэхнічнай” часткай праекта я працаваў пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Валерыя Віктаравіча Нагорнага.

– Як гэта адбывалася на практыцы?

– Былі вывучаны спосабы стварэння панарамы, выбраны аптымальны метад, згодна з нашымі тэхнічнымі магчымасцямі. Як высветлілася, простую 3D-панараму можна сфатаграфаваць адным фотаапаратам з выкарыстаннем штатыва. Дапрацоўваў яе з дапамогай камп’ютарных праграм. Наш віртуальны 3D-музей “Дзеці ліхалецця” ўключае відэаролікі, відэаэкскурсіі на англійскай мове, там апісаны ўсе раздзелы экспазіцыі, можна набліжаць выяву, чытаць, пра што расказвае тая ці іншая экспазіцыя. Наступным крокам было – размясціць праект у адкрытым доступе – у інтэрнэце.

Для папулярызацыі нашага музея ў віртуальнай прасторы на сайце школы ёсць спасылка на панараму і QR-код.

Напаўненне панарамы інтэрактывам дазволіла стварыць віртуальную экскурсію па музеі.

– Чым прывабліваюць людзей падобныя экскурсіі?

– Яны адзін з найбольш эфектыўных спосабаў атрымання інфармацыі, паколькі ствараюць у гледача ілюзію прысутнасці. Віртуальная экскурсія – гэта мультымедыйная фотапанарама, у якую можна ўключыць відэа, графіку, тэксты, спасылкі. Яна дазваляе атрымліваць дастаткова поўныя ўражанні аб вывучаемым аб’екце.

Наш праект 3D-музея вельмі хутка пачаў набіраць папулярнасць. З яго дапамогай з любой кропкі зямнога шара можна даведацца не толькі пра лёсы дзяцей палітэмігрантаў у час Вялікай Айчыннай вайны, але прагледзець экспазіцыю да Года малой радзімы і відэаролік пра гісторыю пасёлка Наваельня.

– Яўген, як даўно ты займаешся распрацоўкай падобных праектаў? Ці паўплываюць твае дасягненні на далейшы выбар прафесіі?

– У восьмым класе пачаў работу над камп’ютарнай гульнёй з элементамі віктарыны “Адважныя героі” (пра піянераў-герояў). За яе на абласным этапе конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by” быў адзначаны дыпломам другой ступені. Зразумеў, што развівацца ў гэтым кірунку цікава, здымаў яшчэ і відэаролікі пра малую радзіму. У 2018 годзе ў намінацыі “Люблю цябе, мой родны край” стаў пераможцам абласнога этапу конкурсу “Патрыёт.by”, а на заключным рэспубліканскім этапе заваяваў дыплом трэцяй ступені. Сёлета прадстаўляў Дзятлаўшчыну на абласным этапе рэспубліканскага моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Ужо там 3D-музеем зацікавіліся, прасілі падзяліцца вопытам. Безумоўна, поспехі падштурхоўваюць мяне выбраць прафесію, звязаную з камп’ютарнымі тэхналогіямі, засталося толькі вырашыць, у якую ВНУ паступаць.

Да выпускнога спяшаюся завяршыць работу над інтэрактыўнай экспазіцыяй да 75-годдзя вызвалення Беларусі з QR-кодамі для школьнага музея “Дзеці ліхалецця”; дапрацаваць інтэрактыўны праект “Зорачка на карце раёна”, які раскажа пра помнікі Дзятлаўшчыны; зняць буктрэлер на кнігу “Начныя рэйды савецкіх лётчыц” Вольгі Голубевай, паўдзельнічаць у конкурсе “Медыясфера”, распрацаваць сайт “Дзеці ліхалецця”.

Ірына КАЎКЕЛЬ