5 мая ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў рамках праграмы раённых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі, прайшоў брэйн-рынг па тэме “Гістарычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны”.
Удзел у спаборніцтвах інтэлектуалаў прынялі тры зборныя каманды “Зорачкі”, “Перамога”, “Кацюша”, у склад якіх уваходзілі навучэнцы сярэдніх школ № 1, № 3 і гімназіі № 1 горада Дзятлава.
Вядучая гульні, Ала Чарняўская, задавала камандам пытанні аб найбольш значных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, якія адбыліся на тэрыторыі былога Савецкага Саюза і на Дзятлаўшчыне ў прыватнасці. Узгадалі таксама імёны герояў. Цікавым быў музычны раўнд, калі ігракам давялося адгадваць назвы хітоў мінулых гадоў па мелодыі. За правільныя адказы каманды атрымлівалі зорачкі.
Найбольш зорак напрыканцы брэйн-рынга аказалася ў каманды “Кацюша”, якой і дастаўся дыплом за першае месца і галоўныя прызы. Не засталіся без падарункаў і іншыя ўдзельнікі гульні. Парадавала, што рабяты не толькі ўзгадалі падзеі гісторыі, але і атрымалі зарад добрага настрою.
Ірына СТЫРНІК