«Сябры Дзятлава»: з імкненнем зрабіць больш

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Заўсёды доўгачаканай і радаснай падзеяй для нашага раёна з’яўляецца прыезд валанцёраў арганізацыі “Сябры Дзятлава” з Люксембурга.   Штогод яны аказваюць дапамогу тым, хто мае патрэбу, і супрацоўнічаюць з Цэнтральнай раённай бальніцай, яслі-садам №1 горада Дзятлава, касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і араторыем.

Сёлета валанцёры завіталі ў Дзятлаўскую цэнтральную раённую бальніцу і падарылі ўстанове кардыярэгістратар.

На працягу сутак на ім рэгіструецца работа сэрца пацыента, а на падставе гэтага доктар можа зрабіць медыцынскае заключэнне і прызначыць дакладнае лячэнне.

Таксама еўрапейскія сябры падарылі Дзятлаўскай ЦРБ біяпсійныя шчыпцы для гастраскапіі. З дапамогай такіх рэчаў можна ўзяць частку тканкі для даследавання.

Акрамя гэтага, госці з Люксембурга купілі крэслы-калыскі для перамяшчэння пацыентаў, якія не могуць самастойна хадзіць. У абавязковым парадку гэтыя крэслы перададзены ў райпаліклініку.

Як і заўсёды, набылі памперсы для пацыентаў, якім гэта неабходна. Усяго такіх рэчаў аказалася каля двух тысяч.

Групу валанцёраў з Люксембурга ў райцэнтры штогод суправаджае нязменны перакладчык Людміла Грыб, настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якая дапамагае гасцям пераадольваць моўны бар’ер.

Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч і медперсанал вельмі цэняць такую значную падтрымку валанцёраў, а самі члены арганізацыі  “Сябры Дзятлава” абяцаюць далей рабіць усё магчымае, каб наведваць наш раён з карысцю. Замежныя валанцёры спадзяюцца, што ў наступным годзе ў іх атрымаецца зрабіць яшчэ больш падарункаў для дзятлаўчан, якія маюць у гэтым патрэбу.

Юлія БАКУНОВІЧ