Зноў памяць у сэрцы адгукнецца

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У рамках раённага тэматычнага праекта “75 дзён да Перамогі” пераходныя сімвалы – Капсула памяці і Сцяг Перамогі – прадаўжаюць сваё падарожжа па Дзятлаўшчыне. 8 красавіка іх сустрэлі жыхары Войневіцкага сельскага савета.

Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды падрыхтавалі артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сумесна з навучэнцамі 6 “А” класа Казлоўшчынскай сярэдняй школы, іх педагогамі, Войневіцкай сельскай бібліятэкай-клубам.

Старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі з пашанай перадаў Капсулу памяці і Сцяг Перамогі старшыні Войневіцкага сельвыканкама Васілю Маліка. Васіль Валер’янавіч, вітаючы прысутных, нагадаў, што раённы праект “75 дзён да Перамогі” сімвалічны тым, што праходзіць у юбілейны год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, і жыхары Войневіцкага сельсавета з гонарам прымаюць пераходныя сімвалы.

Мужнасць, подзвігі, адданасць савецкіх салдат Радзіме артысты ўшанавалі шчырымі словамі і песнямі, якія і праз дзесяцігоддзі пасля вайны кранаюць за душу, прымушаюць задумацца аб вечных каштоўнасцях. Лірычныя вершы аб подзвігах герояў падрыхтавалі школьнікі, асабліва кранальна з іх вуснаў гучаў заклік шанаваць мір, нашу Радзіму, нашу будучыню.

Напрыканцы ўдзельнікаў свята заклікалі сфатаграфавацца ў патрыятычным кутку “Армейскі чамаданчык”, дзе на працягу тыдня  будуць знаходзіцца Капсула памяці і Сцяг Перамогі. Таксама ў гэты час у Войневічах будуць праходзіць міні-праекты “Пісьмо пераможцу”, “Аўтограф Перамогі”, акцыі “Мірнае неба”, “Чытаем дзецям пра вайну, чытаюць дзеці пра вайну”, “Зорка памяці”, будзе працаваць фотазона.

Ірына КАЎКЕЛЬ