Высокі вынік дастойны ўзнагароды

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Трэцяга красавіка гімназію №1 горада Дзятлава наведалі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус і загадчыца Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кулеш.

Яны ўручылі падарункі навучэнцу 11 класа Ільі Угрыну, які сёлета стаў пераможацам трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка”, а на заключным (рэспубліканскім) этапе заваяваў дыплом другой ступені. Падарункі атрымала і настаўніца паспяховага гімназіста – Ганна Урбановіч.

Аб грашовых прэміях для настаўніцы і яе вучня паклапацілася раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” (старшыня Ігар Кухарэвіч), аб падарунках – ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” (выконваючая абавязкі дырэктара Вольга Болцік).

– Дзятлаўшчына багатая на таленты, – вітаючы гімназістаў, зазначыла Наталля Белаус. – Свае здольнасці нашы землякі праяўляюць у спорце, творчасці, ведах. На гэты раз ёсць сур’ёзная нагода ўшанаваць за высокія дасягненні інтэлектуалаў-матэматыкаў – Ілью Угрына і яго педагога Ганну Станіславаўну Урбановіч. У нашай краіне аказваецца вялікая падтрымка таленавітай моладзі. Аддзел адукацыі і Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт выступілі з ініцыятывай аб узнагароджанні Ільі Угрына стыпендыяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ілья ўнесены ў банк даных адоранай моладзі і ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта як таленавіты вучань і прызёр рэспубліканскага этапу алімпіяды па матэматыцы.

Па выніках 2017-2018 навучальнага года за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцяў адораных навучэнцаў па рашэнні савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адзначана заахвочвальнай прэміяй і Ганна Станіславаўна Урбановіч.

Ад імя райвыканкама, аддзела адукацыі, раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” віншую вас з другім месцам у рэспубліцы, дзякую за напружаную інтэлектуальную працу, няхай і надалей вам спадарожнічае поспех.

Ірына СТЫРНІК