Галоўная задача аграрыяў ААТ “Граніт-Агра” на бліжэйшыя дні – унясенне ўгнаенняў пад сяўбу кукурузы.
Перавагу тут аддаюць арганіцы. Раскідванне арганікі пад кукурузу аператыўна адладжана адразу на некалькіх палетках, і на кожным з іх работы ідуць поўным ходам. Коўш за каўшом – і праз некалькі хвілін глеба пакрываецца роўным пластом угнаенняў. Далей справа за трактарамі, якія арганіку заворваюць. Як растлумачыў галоўны аграном гаспадаркі Антон Тарасевіч, затрымка з заворваннем раскіданай арганікі – гэта страты ў першую чаргу аміячнага азоту, таму прамаруджванне тут недапушчальнае.
На палетках ва ўрочышчы “Круцілавічы” на раскідвальніках арганічных угнаенняў ПРТ-7 і ПРТ-10 працуюць адразу тры механізатары: Міхаіл Дубешка, Дзмітрый Рой і Дзмітрый Анушкевіч, на пагрузчыку Амкадор 342 – Уладзімір Чайка, на трактары МТЗ-1221 на заворванні ўгнаенняў працуе Юрый Буткевіч.
Ва ўрочышчы “Боцкавічы” таксама актыўна кіпіць работа. Энерганасычаным Джон-Дзірам з прычапным агрэгатам ПРТ-16 кіруе Пётр Паршук, на пагрузчыку Амкадор-342 працуе Павел Богдан, на трактары МТЗ-1221 – механізатар Андрэй Ліцвінскі.
Работы па ўнясенні арганічных угнаенняў аграрыі сельгаспрадпрыемства плануюць скончыць бліжэйшымі днямі, затым возьмуцца справу не менш адказную – сяўбу самой “каралевы палёў”.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ