У КСУП “Хвінявічы” садзяць бульбу

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Аграрыі нашай краіны плануюць скончыць пасяўную кампанію да 15 мая.

Сельгаспрадпрыемствы Дзятлаўшчыны імкнуцца завяршыць веснавыя работы якасна і своечасова.

Так, у КСУП “Хвінявічы” ні на дзень не спыняюцца сельскагаспадарчыя справы. Тут сеюць кукурузу і цукровыя буракі. На 26 красавіка плошча пасеву кукурузы склала 55 гектараў, на плошчы 85 гектараў пасеяны  цукровыя буракі.

Як паведаміў галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Жэгала, усяго ў гаспадарцы плануецца пасеяць 100 гектараў цукровых буракоў і 500 гектараў кукурузы.

На гэтым тыдні мясцовыя аграрыі прыступілі да пасадкі бульбы. Першай пачалі садзіць бульбу сортау “гала”, якая станоўча зарэкамендавала сябе як сваімі смакавымі якасцямі, так і добрым збытам.

Усяго ў гаспадарцы плануецца пасадзіць 49  гектараў бульбы гэтага сорту, а таксама 10 гектараў бульбы  сорту “брыз”,  15 гектараў сорту “скарб” і два гектары сорту  “вега”. Агульная плошча пад пасадку бульбы ў сельгаспрадпрыемстве складзе 70 гектараў.

У  гэтым важным аграрным працэсе задзейнічаны некалькі адзінак тэхнікі. На трактары “МТЗ-82” працуе вопытны механізатар Рыгор Шэўка, на падвозцы насення на аўтамабілі  “ГАЗ-53” працуюць вадзіцелі Аляксандр Рамашэўскі і Віктар Вянско.

Паралельна ў гаспадарцы ідуць работы па вывазе арганічных угнаенняў пад кукурузу, праполка азімых культур і збор камянёў.

У работах па  вывазе і ўнясенні арганічных угнаенняў у глебу працуюць каля дзесяці адзінак тэхнікі. Чатыры сельскагаспадарчыя машыны “Маз” прадаставіла ў дапамогу гаспадарцы Дзятлаўская сельгастэхніка, яшчэ на трох уласных “МАЗ”ах працуюць вадзіцелі Мікалай Калугін, Віктар Савашынскі, Мікалай Губко. На пагрузчыку “Амкадор” працуе механізатар Васіль Лябецкі.

Акрамя гэтага, у КСУП “Хвінявічы” ўжо пасеяна 290 гектараў ячменю, 70 гектараў пшаніцы, 30 гектараў аўса і 60 гектараў лёну.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ