Ужо 33 гады запар у Беларусі праходзіць міжнародная сацыяльна-творчая праграма «У будучыню — з надзеяй». Яе асноўная мэта — супрацоўніцтва вядомых артыстаў беларускай эстрады з таленавітымі дзецьмі і моладдзю, якія пражываюць на забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі. Дзякуючы гэтай праграме адкрыліся новыя імёны, а многія артысты сталі вядомымі і папулярнымі.
Сёлета Дзятлаўшчына ў рамках праекта чарговы раз сустрэла гасцей: маленькія «зорачкі» Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў адкрылі мерапрыемства сваімі музычнымі нумарамі.
Не засталіся ў даўгу і самі госці, салісты Белдзяржфілармоніі, якія правялі для маладых талентаў яркі канцэрт.
Анатоль Цяльцоў, Ангеліна Мажар, Наталля Змітровіч, Андрэй Дзяргай, Святлана Еўтух — кожны з артыстаў падзяліўся з дзецьмі вопытам, прадэманстраваў свае ўменні гульні на музычных інструментах і здзівіў вакальнымі і артыстычнымі дадзенымі, перадаючы пры выступленні ўвесь спектр эмоцый.
Напрыканцы мерапрыемства ідэйны натхняльнік, кіраўнік і нязменная вядучая праекта Кацярына Копелева падзякавала юным музыкам Дзятлаўшчыны за іх актыўнасць і таленты, пажадала ім прафесійнага росту, вялікіх дасягненняў і падарыла дзецям карты Гродзенскай вобласці з адзнакамі цікавых гістарычных месцаў, якія варта наведаць.
Працяг канцэртнай праграмы з удзелам артыстаў Белдзяржфілармоніі адбыўся ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.
Арганізатары мерапрыемства — Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, грамадскія аб’яднанні «БРСМ» і «Беларускі фонд міру» пры падтрымцы Міністэрстваў культуры і адукацыі, раённых выканаўчых камітэтаў.