Што рабіць пры развіцці інсульту?

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Інсульт – біч сучаснасці. Асноўная небяспека ў тым, што здараецца ён нечакана і наступствы ад яго могуць быць самымі сур’ёзнымі. Вакол хваробы шмат міфаў і памылковых думак.

– Інсульт – гэта вострае парушэнне кровазвароту ў галаўным мозгу, якое выклікае гібель мазгавой тканкі, – расказвае доктар-неўролаг Дзятлаўскай ЦРБ Алена Якубоўская. – Асноўныя прычыны яго развіцця – артэрыяльная гіпертэнзія, атэрасклероз, анеўрызмы і анамаліі сасудаў галаўнога мозга, захворванні крыві.

Распаўсюджаны міф, што пры інсульце трэба стварыць спакой і камфорт, адляжацца, а ў бальніцу ехаць неабавязкова. Гэта не так. Калі толькі западозраны інсульт, неабходна неадкладна выклікаць хуткую дапамогу. Агульнае правіла для людзей з інсультам: чым раней пацыент звярнуўся па медыцынскую дапамогу і трапіў у стацыянар, тым больш шанцаў у яго на выжыванне і эфектыўнае лячэнне. У час выкліку хуткай дапамогі варта дакладна апісаць дыспетчару ўсё, што адбылося.

– Найбольш эфектыўнае лячэнне магчыма ў першыя тры гадзіны з моманту парушэння мазгавога кровазабеспячэння, калі яшчэ рэальна пазбегнуць развіцця ў мозгу незваротных змен, – звяртае ўвагу Алена Якубоўская . – Хворых з вострым інсультам шпіталізуюць у стацыянар. Толькі з дапамогай апаратуры для правядзення камп’ютарнай ці магнітна-рэзананснай тамаграфіі можна канчаткова ўдакладніць дыягназ і правесці правільнае лячэнне.

Парады спецыяліста

Пасля таго, як выклікалі хуткую дапамогу:

пакладзіце хворага так, каб галава была прыўзнята над узроўнем ложка прыкладна на 30 градусаў;

адчыніце фортачку ці акно, каб у памяшканне паступала свежае паветра, зніміце сціскаючае адзенне, расшпіліце каўнер кашулі, тугі рэмень ці пояс;

дайце пад язык гліцын (шэсць таблетак на працягу гадзіны);

памерайце артэрыяльны ціск і, калі ён павышаны, дайце прэпарат, які хворы звычайна прымае ў такіх выпадках;

пры першых прыкметах ірвоты павярніце галаву хворага на бок, каб ірвотныя масы не трапілі ў дыхальныя шляхі.

Юлія БАКУНОВІЧ