“Шосты дзень з карысцю”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вучні 3-9 класаў разам з педагогамі адправіліся на экскурсію ў горад Мінск, дзе наведалі шмат цікавых і карысных месцаў.

У рамках раённага праекта «Захоўваем мінулае, цэнім сучаснасць, будуем будучыню!», прысвечанага 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў,  навучэнцы наведалі мемарыяльны комплекс «Курган Славы», а таксама помнік-танк «Доблесным воінам 4-й гвардзейскай Мінскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава 1-й ступені танкавай брыгады другога гвардзейскага корпуса, якія першымі ўступілі ў горад Мінск 3 ліпеня 1944 года пры вызваленні яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Прайшоўшы па алеі перад Курганам Славы, вучні пазнаёміліся са звесткамі аб аперацыі пад назвай «Баграціён», якая праходзіла тут у ліпені 1944 года. Перамогай савецкіх войскаў над нямецка-фашысцкімі захопнікамі скончылася гэтая аперацыя 11 ліпеня. Пазнавальным для вучняў стала знаёмства з ваеннай тэхнікай, якая размешчана непадалёку ад Кургана.

Не засталіся абыякавымі ні дзеці, ні педагогі ад наведвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Экскурсавод зацікавіла вучняў незвычайнай экскурсіяй, а таксама гістарычнымі фактамі будаўніцтва сацыяльна-культурнага цэнтра.

Завяршэннем экскурсіі стала наведванне Беларускага дзяржаўнага цырка. Захапляльная двухгадзінная праграма, прысвечаная 60-годдзю Белдзяржцырка, не пакінула абыякавымі ўсіх навучэнцаў. Артысты з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа пакарылі сэрцы юных наведвальнікаў, аднак нумары з удзелам жывёл найбольш спадабаліся дзецям.

Па дарозе дамоў дзеці яшчэ доўга абмяркоўвалі ўбачанае: хлапчукі размаўлялі пра ваенную тэхніку, дзяўчынкі  захапляліся выступленнем гімнастак. А некаторыя навучэнцы ўжо марылі аб новай паездцы ў час летніх канікулаў.

С. Юрчык,
класны кіраўнік 4 класа,
І. Альшэўская,
класны кіраўнік 5 класа Казлоўшчынскай сярэдняй школы

 



Теги: