Шмат памятных месцаў у вёсцы Руда Яварская захоўваюць гісторыю нашага краю.
І не дзіўна, таму што гэта партызанскі край, дзе не на жарт вялася барацьба з фашыстамі.
У вёсцы Руда Яварская каля старога будынка былой школы ёсць магіла загінуўшай у гады Вялікай Айчыннай вайны сям’і Кашкалаў. Ціха шумяць высокія хвоі над ёй. Яны, мабыць, добра памятаюць апошні дзень гэтай сям’і.
Мы, вучні Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы часта наведваемся сюды. Мы даглядаем магілу, садзім кветкі, прыбіраем мінулагоднюю траву, апалае лісце. Хацелася б нам запытацца ў гэтых хвой-сведак: “А як усё было ў той страшны дзень?” Але хвоі ў адказ толькі маўкліва калышуць сваімі верхавінамі.
А вось старажылы вёскі расказалі нам цікавую гісторыю. Халоднай восенню 1943 года сям’ю Кашкалаў прывезлі ў Руду Яварскую недзе з-пад Вензаўца. Гэта сям’я дапамагала партызанам тым, што выпякала для іх хлеб. За гэта іх і арыштавалі фашысты. Яны ўсю ноч дапытваліся пра партызан, але так і не атрымалі адказу. Ранкам 3 лістапада сям’ю павялі на расстрэл: бацьку, маці, дачку Марыю, сыноў Міхаіла і Лёньку. Марыя была вельмі прыгожай дзяўчынай. Старажылы расказваюць, што такой прыгожай дзяўчыны даўно не бачылі мясцовыя жыхары. Яе прыгажосць зачаравала і нямецкага афіцэра. Ён адвёў прыгажуню ўбок і доўга з ёю размаўляў. Афіцэр паабяцаў пакінуць дзяўчыну ў жывых, калі за гэта яна заплаціць яму каханнем. Марыя нядоўга думала над прапановай. Яна насмешліва глянула ў вочы нямецкаму афіцэру і з пачуццём годнасці стала побач са сваёй сям’ёй. Раздаліся выстралы. Загінула ўся сям’я. Марыі было ўсяго 20 гадоў.
Нялёгка зрабіць выбар паміж смерцю і жыццём. Але яшчэ цяжэй жыць са здрадай. Марыя не здрадзіла. Яна мужна загінула, і добрая памяць пра дзяўчыну жыве ўжо многа гадоў у сэрцах нашых людзей.
Я часта думаю: “А як паступілі б я і мае сяброўкі? Ці сумелі б мы быць такімі мужнымі?”
Аксана СЕРБІН,
вучаніца 8 класа Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы