Падарожжа “Ад помніка да помніка”

Грамадства Свежыя навіны

З кожным годам аддаляе нас час ад тых трагічных падзей 40-х гадоў мінулага стагоддзя, з кожным годам усё менш застаецца жывых удзельнікаў і сведак Вялікай Айчыннай вайны.

У гэтым годзе спаўняецца 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзначаючы гэтую дату, мы нізка кланяемся ветэранам, якія не шкадуючы жыцця змагаліся за Вялікую Перамогу.

У Беларусі няма раўнадушных да падзей ваенных гадоў, няма сямей, якіх бы не кранула горыч трагедыі той вайны, якія б не раздзялялі радасць Вялікай Перамогі.

Навучэнцы Хвінявіцкага дзіцячага сад-сярэдняй школы напярэдадні Дня Перамогі і святкавання дня вызвалення Беларусі вырашылі даць старт экскурсійным падарожжам “Ад помніка да помніка”, пачынаючы з вясновых канікулаў. Першай значнай экскурсіяй стала паездка ў Зачэпічскі «Музей-зямлянку» Шчучынскага раёна.

Гэты гістарычны мемарыяльны комплекс пазнаёміў прысутных з гісторыяй партызанскага руху на шчучынскай зямлі. Рабяты даведаліся, што ў саракавыя гады на беразе Нёмана размяшчаўся штаб Шчучынскага партызанскага злучэння пад камандаваннем Сцяпана Пятровіча Шупені. У 1977 годзе на гэтым месцы ў памяць аб героях-партызанах быў пабудаваны музей-зямлянка, устаноўлены абеліск у памяць аб 6593 мірных жыхарах раёна, якіх загубілі акупанты ў ваенныя гады, 1473 савецкіх воінах і партызанах, ураджэнцах раёна, якія загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах, 118 савецкіх актывістах, зверскі забітых у 1945-1953 гадах на тэрыторыі Шчучыншчыны ворагамі савецкай улады. Асабліва цікавымі былі звесткі аб партызанскім руху. Вучні пачулі знаёмыя ім імёны — Ілья Міхайлавіч Глазкоў, камандзір партызанскага атрада “Чырвонагвардзейскі”, Мікалай Мікітавіч Белякоў, камісар партызанскай брыгады імя Варашылава.

Акрамя Зачэпіч, экскурсанты пабывалі ля помніка загінуўшым землякам у вёсцы Дзям’янаўцы і ля брацкай магілы ў вёсцы Дубраўка.

Старт падарожжам “Ад помніка да помніка” па месцах баявой славы дадзены, яны дапамагаюць нам, сучаснікам, захаваць памяць аб загінуўшых і пакланіцца іх подзвігу, які будзе жыць праз стагоддзі, бо гэта была Вялікая Перамога.

Жанна БУДЗЕВИЧ,
намеснік дырэктара Хвінявіцкага дзіцячага сад-сярэдняй школы



Теги: