У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, але нават залітая крывёй мільёнаў людзей, разрабаваная і напаўразбураная, краіна не здавалася.
Праз многія дзесяцігоддзі памяць пра подзвіг народа, які ўнёс вялікі ўклад у Перамогу над фашызмам – свяшчэнная.
Пасля заканчэння той страшэннай вайны Беларусь яшчэ доўгія гады аднаўлялася ад разбурэнняў і страт. І да нашых дзён краіна свята шануе памяць аб ахвярах фашызму, подзвігу герояў і мужнасці людзей, якія жылі ў цяжкі час і аддавалі ўсё, каб наблізіць доўгачаканы Дзень Перамогі.
Кожны год у Беларусі праходзіць мноства мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. У мясцінах гераічных баёў і чалавечых трагедый створаны мемарыяльныя комплексы і ўстаноўлены абеліскі, распрацаваны ўнікальныя гістарычныя маршруты.
У год святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вучні 9 класа разам з класным кіраўніком Стэцкай С.А. займаліся выкананнем экспедыцыйнага задання па тэме “Нішто не забыта”. Вучні даследавалі гісторыю стварэння помнікаў загінуўшым землякам у вёсках Краглі Вялікія і Погіры, памятнага знака на месцы растраляных актывістаў вёскі Погіры ў Шаркутовым лесе, помнікаў на магілах кіраўнікоў Зачэпінскага падполля Сніціч М.П., Сніціч Н.П у вёсцы Зачэпічы, і партызана Радыёнава В.М. у вёсцы Страла.
Дадзеная даследчая работа стала адной са старонак Кнігі Памяці “І памяць стукае ў сэрцы”, якая ствараецца ў нашай школе да 75-годдзя Перамогі.
Помнікі загінуўшым землякам з’яўляюцца пастаянным аб’ектам клопату вучняў школы: праводзіцца аперацыя “Абеліск” па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, у час правядзення мітынгаў да Дня Перамогі самых актыўных вучняў школы прымаюць у рады ГА “БРПА” і ГА “БРСМ”.
Святлана Стэцкая,
класны кіраўнік 9 класа Жукоўшчынскага дзіцячага сада – базавай школы