Наведалі заставу Усава

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У рамках падрыхтоўкі да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў навучэнцы Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы наведалі заставу імя Героя Савецкага Саюза лейтэнанта Віктара Усава.

Застава Усава — адзіная дзейная беларуская застава, пакінутая на месцы даваеннай. Размешчана яна на стыку межаў трох дзяржаў: Беларусі, Польшчы і Літвы.

22 чэрвеня 1941 года памежная застава лейтэнанта Віктара Усава прыняла свой першы і апошні бой. У той дзень асабісты склад заставы, якім кіраваў В. Усаў, здзейсніў беспрэцэдэнтны воінскі подзвіг. Памежнікі адбілі тры працяглыя артылерыйскія абстрэлы з вінтоўкай у руках. У 1965 годзе лейтэнанту Віктару Усаву пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Вучні на тэрыторыі заставы паглядзелі помнік памежнікам — фігура салдата на пастаменце, а таксама наведалі ў будынку заставы музей. Усе экспанаты гэтага музея з’яўляюцца сапраўднымі, знойдзенымі на месцы бітвы.

Памежнікі расказалі дзецям пра тое, як яны нясуць службу на мяжы, паказалі вальеры з сабакамі.

Экскурсія прайшла цікава, усе засталіся пад вялікім уражаннем ад убачанага.

Г. Смірнова,
класны кіраўнік 6 класа Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы



Теги: