Як і ўся наша краіна, вучні Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы прыкладаюць намаганні, каб годна сустрэць 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мы ўдзельнічаем у абласным праекце “Времён связующая нить”, у рамках якога актывізавалі сваю работу экспедыцыйныя атрады. Навучэнцы стараюцца адкрыць новыя старонкі жыцця былых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, збіраюць звесткі аб гісторыі з’яўлення і адкрыцця помнікаў на тэрыторыі нашага сельскага савета.
У рамках яшчэ аднаго тэматычнага праекта “Сюды нас памяць паклікала” мы ладзім экскурсіі па памятных мясцінах Беларусі. Навучэнцы 1-5 класаў ужо пабылі ў горадзе Мінску і наведалі Курган Славы. Яны былі ўражаны веліччу помніка, даведаліся аб гісторыі яго стварэння і схілілі галовы ў хвіліне маўчання ў памяць загінулых пры вызваленні Беларусі.
Навучэнцы старэйшых класаў таксама ажыцявілі экскурсію ў сталіцу, наведалі гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, дзе змаглі назіраць адзін з баявых эпізодаў Вялікай Айчыннай вайны.
Каб глыбей пазнаць гісторыю Беларусі, больш даведацца аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа прадоўжыць удзельнічаць у праекце “Сюды нас памяць паклікала”.
Кірыл БУЧА,
навучэнец Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, член ГА “БРСМ”