Дзень Перамогі набліжаем разам

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У гэтым годзе споўніцца 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 74 гады з Дня Перамогі.

Што застаецца вечна ў чалавеку, што не мяняецца? Чалавечая памяць. Здавалася, прайшло амаль семдзесят пяць гадоў з той пераможнай пары, а раны ў людскіх сэрцах яшчэ не зажылі. За тры гады акупацыі Беларусі фашысты ператварылі ў руіны 209 гарадоў, знішчылі 9200 сёл і вёсак, стварылі 260 лагераў смерці і 70 гета, расстралялі, павесілі, замучылі і спалілі звыш 2 мільёнаў 200 тысяч савецкіх грамадзян.

Сёння наша задача захаваць памяць аб тых страшных падзеях, якія забралі жыцці тысячы людзей, якія асірацілі сем’і, прымусілі плакаць нават сапраўдных мужчын… Памяць людская несмяротная. Памятаць трэба для таго, каб не паўтараць памылкі мінулага, каб шанаваць сучаснасць.

У раёне рэалізуецца тэматычны праект “75 дзён да Перамогі”, у якім актыўны ўдзел прымаюць і навучэнцы Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. У рамках акцыі “Аўтограф Перамогі” была створана паштоўка-калаж, на якой сабраны аўтографы людзей, якія так ці інакш маюць дачыненне да вайны. Гэта продкі нашых навучэнцаў: бабулі, дзядулі, сваякі, суседзі. Рэалізуючы праект, вучні прынялі ўдзел у акцыі “Зорка памяці”. Навучэнцы на чырвоных зорачках напісалі імёны людзей, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, каб захаваць памяць аб іх. Такім чынам мы хочам ім сказаць наша “Дзякуй за Перамогу!”. У рамках праекта рабяты зрабілі з паперы ў тэхніцы арыгамі галубоў — так яны выразілі сваю ўдзячнасць ветэранам, якія адстаялі нашу Радзіму ў цяжкія гады вайны. Удзельнікі праекта лічаць, што мір на зямлі – гэта самае важнае і дарагое, што патрэбна берагчы і абараняць. Акрамя гэтага, быў напісаны “Ліст Пераможцу”. Напісаць ліст заўсёды нялёгка, а рабіцуь гэта ўдвая складаней, калі тваё сэрца перапаўняюць пачуцці. Мы не былі сведкамі тых падзей, але нам наканавана захаваць памяць і перадаць яе наступным пакаленням.

Семдзесят чатыры гады прайшло з таго часу, як змоўк апошні баявы залп. Семдзесят чатыры гады мінула са страшнай вайны, якая забрала жыцці мільёнаў людзей па ўсім свеце. Але наша краіна і мы, падрастаючае пакаленне, будзем памятаць подзвіг продкаў праз гады!

Жанна БУДЗЕВІЧ,
намеснік дырэктара Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

 



Теги: