Ці можна аспрэчыць завяшчанне?

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Пытанне да натарыуса: мой бацька кажа, што ўжо склаў завяшчанне на кватэру на маю карысць.

Як даведацца, ці сапраўды гэта так? Ці можа цяперашняя афіцыйная жонка майго бацькі аспрэчыць такое завяшчанне і прэтэндаваць на частку нашай кватэры, калі яна там ніколі не жыла?

Адказвае натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі Любоў Аўсіевіч:

– Згодна з пунктам 4 артыкула 9 закона “Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці”, звесткі аб завяшчанні пры жыцці завяшчальніка выдаюцца завяшчальніку, а пасля яго смерці – асобам і органам, пазначаным у пунктах 2 і 3 гэтага артыкула, а таксама жонцы (мужу), бацькам, усынаўляльнікам (удачаральнікам), дзецям, у тым ліку ўсыноўленым (удачароным), родным братам і сёстрам, дзеду, бабулі, унукам завяшчальніка. Такім чынам, пакуль ваш бацька жывы, звесткі аб складзеным ім завяшчанні могуць быць прадастаўлены толькі яму, і толькі ваш бацька мае права вырашаць, знаёміць вас са зместам складзенага ім завяшчання ці не.

Што тычыцца магчымасці жонкі вашага бацькі аспрэчыць складзенае ім завяшчанне і прэтэндаваць на завешчаную кватэру, то завяшчанне можа лічыцца несапраўдным па падставах, устаноўленых Грамадзянскім кодэксам ці іншымі заканадаўчымі актамі, у сілу прызнання яго такім судом (аспрэчаная здзелка) або незалежна ад такога прызнання (нязначная здзелка). Акрамя таго, згодна з пунктам 1 артыкула 1064 Грамадзянскага кодэкса, непаўналетнія або непрацаздольныя дзеці спадчынадаўцы, а таксама яго непрацаздольны муж (жонка) і бацькі прымаюць у спадчыну, незалежна ад зместу завяшчання, не менш за палову долі, якая належала б кожнаму з іх пры атрыманні спадчыны па законе (абавязковая доля). Варта мець на ўвазе, што, згодна з часткай 1 артыкула 23 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, маёмасць, нажытая ў перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на мужа ці жонку яна набываецца ці кім або на каго з іх унесены грашовыя сродкі, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Муж і жонка маюць роўныя правы ўладання, карыстання і распараджэння гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана шлюбным дагаворам.

Ірына СТЫРНІК