Ці можа папера пачуць?

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У красавіку адбылася доўгачаканая ўрачыстасць для Беларускага дзіцячага фонду – адкрыццё выставы дзіцячага выяўленчага мастацтва “Свет маімі вачыма” ў Нацыянальным гістарычным музеі па выніках аднайменнага рэспубліканскага конкурсу для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасцю. У экспазіцыю ўвайшлі 40 работ дзяцей, якія сталі пераможцамі конкурсу і талент якіх адзначаны членамі журы. Сярод лепшых работ прадстаўлена карціна 11-гадовай Анастасіі Леўчанка з аграгарадка Гезгалы. Юная мастачка заняла першае месца ў намінацыі “Жывапіс”.

Развіццём таленту дзяўчыны займаецца яе прыёмны бацька, выкладчык Гезгалаўскага аддзялення Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Жылянін. Для Анастасіі ён – аўтарытэт, паколькі сам стварае цудоўныя палотны з акварэллю, малюе пастэллю, алеем.

З Насцяй і Віктарам мы сустрэліся ў невялікім мастацкім класе, але хочацца яго называць творчай студыяй: тут адчуваецца асаблівая атмасфера, дзе лунае фантазія і кружыць натхненне.

Маленькая светлавалосая дзяўчынка сядзіць за партай і працуе над новай карцінай, не звяртаючы ўвагі на ўсе вакол. Можа, рыхтуецца да новага конкурсу?

Насця, не саромейся, – падбадзёрвае яе Віктар Жылянін. А ці трэба ёй гэта? Яна, здаецца, у сваім свеце, які не хоча пакідаць. З гэтай хвіліны стала зразумела, што разгаварыць дзяўчынку будзе няпроста. Не яе гэта стыль – балбатаць марна. Лепш пісаць. На палатне.

Было цікава даведацца крыху пра сам конкурс, які прынёс пяцікласніцы першае месца ў рэспубліцы. На жаль, убачыць пераможную карціну не было магчымасці, паколькі яна радуе наведвальнікаў выставы ў Мінску, але Віктар Міхайлавіч паспеў яе сфатаграфаваць. Напісаная ў змешанай тэхніцы акварэлі і васковай пастэлі бялявая дзяўчынка пад вадой сярод рыб… Напэўна, у гэтым ёсць асаблівы сэнс, вядомы толькі Насці. Дарэчы, ёсць у гераіні твора падабенства з аўтарам.

Ці не сябе ты адлюстравала? – пытаюся ў мастачкі асцярожна і з надзеяй на згоду.

–  Так, мне падабаецца плаваць, хочацца самой убачыць гэтых рыб, –  ціхі, але ўпэўнены адказ таіў нейкую загадку.

Цікава тое, што на перамогу ў конкурсе Насця настройвалася адразу, а ўсё таму, што работа ёй спадабалася самой. Гэта рэдкасць, калі аўтар цалкам задаволены сваёй творчасцю і ўпэўнены ў сваіх сілах. За нядоўгі перыяд свайго творчага жыцця ў юнай мастачкі ўжо выпрацавалася сваё правіла: калі работа яе задавальняе, значыць, будзе вынік. Так і здараецца. Ці можна гэта лічыць шостым пачуццём?

Ведаеце, гэта, магчыма, звязана з Італіяй, – кажа Віктар Жылянін пра ідэю работы. – Насця там не раз адпачывала на моры, бачыла мядуз, малюскаў.

Вось і разгадка ўсёй задумы. Сціплая, аб Італіі не сказала ні слова, але пры аповедзе Віктара адно пахвальна ківала галавой. Настальгія па вандроўцы. У вадзе Насця адчувае сябе спакойна і свабодна, суадносіць сябе з тымі марскімі насельнікамі, якіх бачыла і хацела б убачыць яшчэ не раз. Русалачка ў марах.

На першы погляд можа здацца, што Насця песімістычная, але думаць так – вялікая памылка. Нягледзячы на сур’ёзны выраз твару і нешматслоўнасць, яна вельмі жыццярадасная і пазітыўная дзяўчынка. Інтраверт з сапраўднай бурай унутры, творчая і з тонкай душэўнай арганізацыяй.

Магу сказаць, што дома з яе таксама слова выцягнуць складана. Гэта кокан, які стрымлівае, каб не сказаць лішняга, – тлумачыць прыёмны бацька. – Яна жыве ў нас з чатырох гадоў, таму мы ведаем адзін аднаго вельмі добра.

Можа, ёй прасцей выказаць думкі на паперы? Малюнак для яе – як шанц выказацца, – мяркую ўслых.

Так, – пацвярджае мой суразмоўца, – для яе папера – як сябар, а маляванне – як размова з ім.

Дыялог з паперай у дзяўчынкі атрымліваецца добры, але ці можа гэта папера яе пачуць так, як гэта зробяць блізкія людзі? Трэба сказаць, што сям’я Віктара Жыляніна вялікая і абсалютна творчая: пяцёра дзяцей, і гэтак жа, як бацькі, малююць ўсе. Насця стала маляваць з першага класа, і ў ёй адразу быў бачны патэнцыял. Цяпер яна падрастае і дасягае таго ўзросту, калі маштабы конкурсаў значна павялічваюцца, таму што ў большасці з іх прыняць удзел можна толькі з дванаццаці гадоў.

Па словах настаўніка, актыўнасці Насці няма мяжы. Яна заўсёды знаходзіць сабе занятак, і гэта не толькі творчасць. Дзяўчынцы падабаюцца розныя віды спорту, і яна спрабуе сябе ва ўсім, што толькі ёй даступна.

Па ёй плача гімнастыка, гнуткасці можна пазайздросціць. Наогул, дай Насці волю – трава бы пад ёй гарэла, – сцвярджае Віктар Жылянін, –паралельна дастаючы шмат захаваных карцін, напісаных Насцяй.

На яе малюнках няма ні адной лішняй рысы, але ў кожнай рабоце мастачка віртуозна перадае эмоцыі – часцей за ўсё некалькімі лініямі. На кожнай карціне няма месца цёмным або змрочным колерам, толькі светлыя і яркія фарбы. І шмат жывёл. Заўважаю, што жывёлы на малюнках пераважна тыя, якія маюць прыродны рыжы колер.

Ты, напэўна, любіш жывёл? – пытаюся ў Насці і пераконваюся ў тым, што так і ёсць. – Якая твая любімая жывёла?

Рысь! – нечаканы і нестандартны адказ.

Даволі моцная жывёла. І быццам мяккая котка, але ў той жа час сябе ў крыўду не дасць. А ці можа быць гэта адлюстроўваннем унутранага свету дзяўчынкі, якая “размаўляе” з паперай?

Рысь – гэта дакладна яе татэм, – кажа прыёмны бацька. – Спакойная, але ў патрэбны момант зможа выпусціць кіпцюры і за сябе пастаяць.

Пакуль яна дзіця, набліжаецца да падлеткавага ўзросту, калі чужое меркаванне іграе не самую важную ролю, а ў прыярытэце – адстаяць сваё.

Упэўнены, што яна вырасце максімальна справядлівай да людзей і да сябе, – падсумаваў Віктар Жылянін. І такая кульмінацыя размовы не проста філасофія, а шчырыя надзеі.

Юлія БАКУНОВІЧ