Час планаваць летні адпачынак

Галоўнае Свежыя навіны Улада

18 красавіка прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Абласная інфармацыйная група сустрэлася з калектывамі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама і Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Абмеркавалі актуальныя пытанні.

Аб знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь, рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў нашай дзяржавы, умацаванні станоўчага іміджу краіны на міжнароднай арэне расказала галоўны спецыяліст упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама Ларыса Фаміна. Яна зазначыла, што эфектыўнае ўзаемадзеянне Беларусі з іншымі краінамі свету наладжана ў сферах палітыкі, эканомікі, адукацыі і навукі, аховы здароўя, сувязі і інфармацыі, спорту. Пацвярджэнне таму – II Еўрапейскія гульні, якія з 21 па 30 чэрвеня 2019 года прыме наша рэспубліка. У беларусаў ёсць нагода ганарыцца сваімі дасягненнямі: сярод найбольш значных вынікаў беларускіх навукоўцаў – спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; партатыўны суперкамп’ютар; IT-тэхналогіі для медыцыны і адукацыі. З кожным годам павялічваецца колькасць замежных грамадзян, якія звяртаюцца па медыцынскую дапамогу ў беларускія арганізацыі аховы здароўя.

Тэму прадоўжыла вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Дзятлаўскага раёна Марына Міклуш. Яна расказала, што санаторыі нашай краіны карыстаюцца попытам у іншаземцаў, патлумачыла, як самі беларусы могуць атрытмаць пуцёўкі. Працуючыя грамадзяне могуць зрабіць гэта па месцы работы па рашэнні камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, створанай у арганізацыі. Да заявы неабходна прыкласці медыцынскую даведку аб стане здароўя. Непаўналетнія дзеці забяспечваюцца санаторна-курортнымі пуцёўкамi ў дзіцячыя санаторыі па месцы работы бацькоў. Летам 2019 года ў нашым раёне для непаўналетніх запланавана правесці шырокую аздараўленчую кампанію: будуць функцыянаваць 37 летнікаў.

– Па аператыўнай інфармацыі, на 15 красавіка 2019 года ў Гродзенскай вобласці зарэгістраваны 137 выпадкаў загарання сухой расліннасці, – зазначыў супрацоўнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Новік, – наперадзе цёплыя выхадныя і рэспубліканскі суботнік, таму трэба быць асабліва ўважлівымі пры абыходжанні з агнём. Ратаўнік нагадаў удзельнікам пасяджэння меры бяспекі, расказаў, якой будзе адказнасць пры іх парушэнні.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Дом без гвалту” быць больш уважлівымі, не дапускаць негатыўных праяў у сваіх сем’ях заклікаў дзятлаўчан супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Руслан Жукоўскі. Ён адзначыў, што сямейныя скандалы, на жаль, нярэдка перарастаюць у крымінальныя злачынствы, і расказаў, якія меры прафілактыкі можна выкарыстаць да хатняга тырана, каб пазбегнуць бяды.

Ірына СТЫРНІК



Теги: