Запявала, прыгажуня, зенітчыца

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На Дзятлаўшчыне, у аграгарадку Таркачы, у сям’і Палухіных сёмы год жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Глебава, у дзявоцтве – Някрасава.

Марыя Пятроўна набліжаецца да веку зямнога шляху і сёлета рыхтуецца святкаваць сваё 95-годдзе. Звілістая стужка лёсу напрыканцы жыцця “прывяла” ўраджэнку Сталінградскай вобласці ў сінявокую Беларусь, у сям’ю пляменніка, а ў час вайны ў нашай краіне загінуў і пахаваны яе бацька-франтавік. Зменлівы лёс наканаваў Марыі Пятроўне багатае на падзеі, падарожжы, уражанні, але, на жаль, і не менш багатае на іспыты жыццё. І галоўным выпрабаваннем жанчыны і яе блізкіх, безумоўна, стала вайна.

Учора – калгаснікі, сёння – франтавікі

Сям’я Някрасавых, дзе гадаваліся шасцёра дзяцей, жыла ў станіцы Лукаўской Няхаеўскага раёна Сталінградскай вобласці. Дарослыя працавалі ў мясцовым калгасе, бацька быў ударнікам працы.

Страшная вестка аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны ясным чэрвеньскім днём сабрала ў станіцу жыхароў прылеглых вёсак. Са зваротам да насельніцтва выступіў старшыня сельскага савета. Жанчыны плакалі, разумеючы, што на фронт давядзецца праважаць мужоў і сыноў, многія з якіх не вернуцца, што ў полі спее ўраджай, які трэба сабраць да апошняга коласа.

У першыя дні вайны Някрасавы развіталіся з бацькам, які ў ліку добраахвотнікаў пайшоў ваяваць, каб стаць у страі поплеч з такімі, як сам працаўнікамі, што вырошчвалі хлеб, будавалі заводы, стаялі ля станка, а цяпер павінны былі абараніць сваіх матуль, жонак, дзяцей, адстаяць Радзіму ў ворага.

– Тату праводзілі са станцыі Урупіна, – успамінае Марыя Пятроўна. – Каля вайсковага эшалона стаяў жаночы стогн, дзіцячы плач, ён, як набат, і цяпер гучыць у маіх вушах. Бацька абняў нас, пацалаваў і пабег даганяць вагон. Тады мы бачылі яго апошні раз. Паведамленне аб тым, што тата быў паранены, што шпіталь, дзе ён лячыўся, разбамбілі, наша сям’я атрымала восенню 1945-га. Праз шмат гадоў пасля вайны мы з малодшым братам у Беларусі, у Магілёўскай вобласці, адшукалі яго магілу.

Перажывалі і за старэйшага брата Уладзіміра, які з 1940 года служыў у войску. 22 чэрвеня 1941 года яго дывізія, прыняўшы першыя ўдары гітлераўцаў, адступала на ўсход, на Смаленшчыне трапіла ў акружэнне. Пазней сям’я атрымала звестку, што палітрук Уладзімір Някрасаў разам з дзясяткам байцоў прарваўся скрозь варожыя сілы і далучыўся да 2-ой Ленінскай партызанскай брыгады.

Немцам на працягу вайны так і не ўдалося “зачысціць” раёны Ленінградскай вобласці, дзе ўтварыўся партызанскі край. У верасні 1943 года партызанская разведка даведалася, што ў раёне вёскі Бязьва фашысты збіраюцца спаліць некалькі населеных пунктаў. Партызаны занялі абарону. Пад шчыльным агнём ворагаў палітрук Някрасаў змог устанавіць станкавы кулямёт. У баі Уладзіміра Пятровіча цяжка параніла, аднак ён прадоўжыў кіраваць абаронай на сваім участку. Пасля бою параненага даставілі ў Ленінград, дзе хірург, які рабіў аперацыю, сказаў, што жыць ён не будзе. Аднак Някрасаў выжыў, быў узнагароджаны ордэнам баявога Чырвонага Сцяга, пасля вайны яго ведалі ў калгасах, саўгасах, на прадпрыемствах, дзе працаваў і выхоўваў моладзь.

Схаваўшы косы пад пілотку

Сама Марыя Пятроўна, як толькі ёй споўнілася васямнаццаць гадоў, з сяброўкамі запісалася добраахвотніцай на фронт. Дзяўчат накіравалі на курсы ў Сталінград. Горад на Волзе сустрэў іх руінамі. Сумная карціна пасяліла ў юныя душы вялікую нянавісць да ворагаў, жаданне прагнаць іх з роднай зямлі. Пасля курсаў Марыя Някрасава служыла ў артылерыйскім зенітным палку.

– Ішлі гарачыя баі, – успамінае былая франтавічка. – На працягу сутак нам даводзілася разварочваць зеніткі на нямецкія танкі і пяхоту. Як толькі адбівалі наземную атаку ворага, зеніткі зноў накіроўвалі стваламі ў неба. Удзельнічалі ў баях за Таганрог, вызвалялі Новачаркаск, Шахты, Адэсу. У Адэсе было сапраўднае пекла: бамбардзіроўшчыкі наносілі ўдар за ўдарам, парахавы попел ад выбухаў бомбаў і залпаў зенітак не паспяваў асядаць, выядаў вочы. Нашы рукі мёртва трымаліся за планкі прыцэлаў, агонь вёўся няспынна. Толькі калі надыходзіла цішыня, у якой раздаваліся стогны параненых, мы разумелі, што яшчэ жывыя…

У 1944-ым пры медсанбаце адной з вайсковых часцей яфрэйтар Някрасава скончыла курсы медыцынскіх сёстраў, стала санінструктарам 485-га зенітнага артпалка. Па ўспамінах франтавічкі, асабліва цяжкім выдалася вызваленне Малдавіі. Ішлі жорсткія баі. Марыя поўзала ад зеніткі да зеніткі, перавязвала параненых, шаптала кожнаму з іх: “Пацярпі, браток, хутка пераможам”. Людзі цярпелі, нават стараліся дапамагчы санінструктару, каб лягчэй было цягнуць іх на плашч-палатцы. Байцы верылі ў хуткую перамогу.

Аднойчы дзяўчыне і самой давялося зазірнуць у вочы смерці. Полк Някрасавай фарсіраваў Паўднёвы Буг. У раёне горада Мікалаева паром трапіў пад бамбёжку, Марыю ўзрывам адкінула далёка ў ваду, якая “кіпела” ад асколкаў. Дзяўчыну ўратавала ўменне плаваць.

Дамоў Марыя Пятроўна вярнулася ў верасні 1945 года. За ўдзел у баявых дзеяннях узнагароджана медалямі “За баявыя заслугі”, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”, да іх за мірныя гады далучыліся шматлікія юбілейныя ўзнагароды.

У нас без песень не жывуць

Сакавік 2019 года. Мы завітваем у госці да Марыі Глебавай і яе родных разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Леанідам Кашко і спецыялістам Ядзвігай Гушча. Цёплае вітанне, кветкі ў знак пашаны. Марыя Пятроўна, як заўсёды, рада сустрэчы. Яна чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, яшчэ нядаўна, пакуль дазваляла здароўе, з задавальненнем прымала запрашэнні выступаць перад вучнямі ў школе. Цяпер, па словах Ірыны Палухінай, былая франтавічка таксама не можа сядзець без справы. Кожны дзень просіць для сябе якую-небудзь работу, вельмі любіць пагутарыць з людзьмі, успомніць маладосць, родную старонку.

– У нас без песень не жывуць, – расказвае пра станіцу Лукаўскую і горад Урупінск, з якога прыехала ў Беларусь, Марыя Пятроўна. – Прыходзяць сяброўкі, садзяцца каля дома і спяваюць: “По Дону гуляет казак молодой…”. І ў арміі я была запявала. Камандзір дывізіёна загадае: “Някрасава, запявай!”. Я пяю: “Вставай, страна огромная, вставай на смертный бой…” – і ўсе падхопліваюць.

А ў вас няма традыцыі спяваць і танцаваць на вуліцы. Мой нябожчык муж Анатоль Глебаў, з якім пражылі больш за 50 гадоў, быў валагодскі. Ён крыху маладзейшы за мяне, паваяваць не паспеў, затое хадзіў у мора, быў мараком. На Валагодчыне людзі вельмі працавітыя, мужчыны дзелавыя, гаспадарлівыя, але і адпачываць весела ўмеюць. Калі мой Анатоль Аляксеевіч прывёз мяне знаёміць з сям’ёй, сабраліся аднавяскоўцы. Гарманіст зайграў, вясковыя дзяўчаты кінуліся ў скокі, я – за імі: “Пошла плясать, доски гнутся, сарафан короток, ребята смеются”. Усе ўзрадаваліся: “Вось гэта па-нашаму”. Колькі пасля на Валагодчыну прыязджала, заўсёды як дахаты.

А жылі мы з мужам доўгі час у Мурманску, дзе я працавала ў партовым магазіне. Спадабалася пакупнікам і начальству, так і дапрацавала да пенсіі на адным месцы, атрымлівала шмат падзякаў. Як добрую і сумленную работніцу мяне прыкладна ў канцы 50-х адправілі на Кубу буфетчыцай на савецкім круізным лайнеры “Вацлав Воровский”. Мы з напарніцай былі прыгажуні з доўгімі косамі, як лялькі, вось і давялося суправаджаць дэлегацыю, нават з невялікай адлегласці пабачыць Рауля Кастра (брата тагачаснага кубінскага лідара). Пабылі ў савецкім пасольстве ў Гаване. Людзі на Кубе ветлівыя, прырода прыгожая, некалькі дзён, праведзеныя там, запомніліся на ўсё жыццё.

Марыя Пятроўна Глебава цікавы субяседнік, нават у сваім шаноўным узросце размаўляе жыва, эмацыянальна, нібыта мастак яркімі фарбамі малюе кожны эпізод свайго багатага на падзеі жыцця. На развітанне прашу яе адрасаваць пажаданні моладзі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паколькі адносіны да краіны, дзе вечны спачын знайшоў бацька, дзе яна сама жыве цяпер сярод блізкіх людзей, у ветэрана цёплыя. Мяркую, у свае пажаданні Марыя Пятроўна ўклала сакрэт уласнага шчасця і даўгалецця, бо гучаць яны проста і мудра:

– Старанна вучыцца, абавязкова дапамагаць бацькам, сумленна працаваць на любой рабоце, шанаваць мірнае жыццё.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: