Для большасці людзей самы даступны варыянт фізічнай актыўнасці і аматарскага спорту – бег.
У апошні час колькасць розных прабегаў па ўсім свеце значна павялічваецца. Марафоны, паўмарафоны – ўсё гэта становіцца не толькі модным, але і вяртае людзей да іх прыроднай актыўнасці і здаровага ладу жыцця.
Кожны год Гродзеншчына імкнецца радаваць аматараў бегу, правядзеннем новых забегаў.
Цікавыя і захапляльныя забегі “Гродзенскай бегавой лігі” летась прывабілі больш за 700 аматараў бегу і прафесійных атлетаў з розных рэгіёнаў Беларусі і краін блізкага замежжа. 2019 год таксама не стане выключэннем.
Сёлета ў кожную пару года ў рэгіёне будуць праходзіць спаборніцтвы. Гэта бегавая “Гарадзенская вандроўка” па гістарычным цэнтры горада, паўмарафон “Аўгустоўскі канал”, міжнародны марафон дружбы “Гродна – Друскінінкай”, 10-кіламетровы забег па схілах гарналыжнага комплексу “Гродзенская начная дзясятка”, лёгкаатлетычны прабег па цэнтральных вуліцах Гродна “Grodna Run”, а таксама зімовы навагодні міні-прабег.
Першы этап Гродзенскай бегавой лігі 2019 года – “Гродзенская вясна” – прайшоў 16 сакавіка. На бегавыя дарожкі спартыўнага комплексу “Нёман” выйшлі адразу больш за 200 бегуноў.
Адзначым, што прыняць удзел у чарговых стартах праекта можа кожны жадаючы. Для гэтага не абавязкова быць прафесійным спартсменам. Падаць заяўку на ўдзел можна як асабіста, так і ў складзе каманды. Па выніках кожнага з забегаў атлетам і камандам будуць налічвацца заліковыя балы. У канцы бегавога сезона вызначацца ўладальнікі Гран-пры ў некалькіх катэгорыях: абсалютным заліку, камандным і іншых.
Не першы год актыўны ўдзел у аднайменных спаборніцтвах прымае трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксандр Палуносік. Колькасць атрыманых медалёў гаворыць аб тым, што захапленне бегам носіць сур’ёзны характар. Наколькі гэты занятак важны і займальны, цікаўлюся ў самога Аляксандра.
– Апошнім часам адчуваецца, што спорт становіцца неад’емнай часткай жыцця людзей,– дзеліцца назіраннямі Аляксандр. – Важна, што ў сучасным свеце фізічная актыўнасць азначае значна больш, чым правядзенне вольнага часу на гульнявым полі ці спартыўнай пляцоўцы. Вопытныя спартсмены і звычайныя людзі аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, масава выходзяць на старты. Галоўнае ў такіх спартыўных сустрэчах – новыя ўражанні і эмоцыі, якія атрымліваеш ад удзелу ў спаборніцтвах.
Што тычыцца мяне, я з нецярпеннем чакаю кожнага новага старту, стараюся рыхтавацца да забегу. Летась удалося пераадолець усе сем этапаў. У 2019 годзе чакаю новых адчуванняў, радасці ад бегу, моцных сапернікаў і новых уражанняў ад спартыўных сустрэч.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ