У рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе №3 горада Дзятлава настаўніца Тамара Ляўшук арганізавала экскурсю ў горад Мінск.
У маршрут уваходзіла наведванне музея атамнай электрастанцыі, тэлерадыёкампаніі “ Беларусь-1” і кінастудыі “БеларусьФільм”.
Мяне, як удзельніцу гуртка “Юны журналіст”, не магла не зацікавіць гэтая прапанова, і, атрымаўшы заданне ад кіраўніка гуртка Святланы Урбан правесці журналісцкае расследаванне, я вырашыла адправіцца ў паездку, каб паглядзець на “свет тэлебачання” з іншага боку.
Прыбыўшы ў Мінск, адразу ж наведалі музей АЭС, які быў створаны ў сувязі з адкрыццём атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Мы ўбачылі мадэль АЭС, даведаліся пра спосаб яе дзеяння, змаглі вымераць прыблізны ўзровень радыяцыі ў нашых целах. Нам прапанавалі некалькі віктарын і галаваломак, за вырашэнне якіх у падарунак даваліся наклейкі з эмблемай АЭС.
Другім пунктам стала тэлерадыёкампанія “Беларусь-1”. Нам расказалі пра сам будынак і яго планіроўку, затым мы адправіліся ў шасцісотку –самую вялікую студыю як на “Беларусь-1”, так і ва ўсёй Беларусі. Празвалі яе так за яе плошчу, а менавіта 600 метраў квадратных. У шасцісотцы здымаецца мноства розных праектаў, напрыклад “Навіны”, “Ваша лато”, “Дзіцячы доктар”. З-за вялікай разнастайнасці праектаў дэкарацыі ў студыі могуць змяняцца па некалькі разоў у дзень. Нам нават удалося пабываць на запісе праграмы “Дзіцячы доктар” і паглядзець, што застаецца за экранамі нашых тэлевізараў. Затым мы падняліся ў апаратную, адкуль рэжысёр звязваецца з аператарамі, а сцэнарыст дапамагае вядучым. Пасля мы адправіліся ў музей БТ-1. Патэфон, радыёпрыёмнік “Піянер”, тэлевізар “КВН” – усё гэта мы ўбачылі сваімі вачыма і змаглі дакрануцца да гісторыі стварэння радыё і тэлевяшчання ў Беларусі.
Трэцім і завяршальным пунктам стала кінакампанія “БеларусьФільм”. У першым павільёне стваралася адчуванне, што ты знаходзішся не ў месцы, дзе здымаюць фільмы, а на нейкай будоўлі. Менавіта там складаюць каркасы для будучых пакояў з фанеры. Мы наведалі яшчэ некалькі павільёнаў, у якіх ішлі здымкі фільмаў “Янка Купала” і “Вяртанне Мухтара. 12 сезон”. Затым адправіліся ў касцюмерныя. Абутак і галаўныя ўборы, мужчынскае і жаночае адзенне, ваеннае абмундзіраванне – вялізныя памяшканні і 20 тысяч экзэмпляраў адзення ў кожным. Далей былі склады з мэбляй. Больш за ўсё мне запомніўся куфар з казкі “Залаты ключык”, якому больш за 100 гадоў. Ён зроблены з кіпарыса ў кітайскім стылі.
Уражанні ад экскурсіі засталіся прыемнымі. Успаміны аб гэтай паездцы яшчэ доўга будуць усплываць у маёй памяці яркімі эпізодамі.
Анастасія СТАНКЕВІЧ,
удзельніца гуртка “Юны журналіст” сярэдняй школы №3 г. Дзятлава