16 сакавіка ў гімназіі №1 горада Дзятлава прайшоў раённы агляд-конкурс піянерскіх парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне – на сцяг!”.
Мерапрыемства было прымеркавана да 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Удзел у конкурсе прынялі 10 каманд установаў адукацыі раёна, яшчэ дзве даслалі свае відэавыступленні. Журы, у склад якога ўвайшлі ветэраны піянерскага і камсамольскага руху Яўгенія Савань і Людміла Халопік, а таксама спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Анастасія Цярэшка, было няпроста вызначыць пераможцаў, бо выступленні падрыхтавалі лепшыя актывісты піянерскіх дружын Дзятлаўшчыны.
Старт урачыстасці ў намінацыі “Бі, барабан!” даў атрад барабаншчыц гімназіі №1 горада Дзятлава, вядомы не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Як заўжды, дзяўчаты трымаліся бездакорна. Вынікам іх выступлення стала грамата за першае месца.
У спаборніцтвах сцягавых групаў, намінацыя “Верныя піянерскаму сцягу”, найлепш выступілі навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы. Другое месца падзялілі сцягавыя групы Гезгалаўскай сярэдняй школы і Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Замкнулі тройку лідараў сцяганосцы Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы.
У намінацыі “Захоўваем традыцыі свае” спаборнічалі групы ўскладання вянкоў і гірлянд да помнікаў загінулым. Цырымонія ушанавання, сапраўды, вельмі важная, калі мы аддаём даніну памяці тым, хто загінуў, адстойваючы мір і свабоду. Рабяты старанна рыхтаваліся да выступлення. Зноў лепшая цырымонія атрымалася ў дварэцкіх школьнікаў, якія сталі ўладальнікамі яшчэ адной граматы за першае месца. Другі вынік паказалі каманды Лявонавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. Трэцімі ў намінацыі сталі піянеры дружыны Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы.
Завершыла праграму раённага агляду конкурсу яркае сцяг-шоу ў намінацыі “Мы верныя піянерскаму сцягу”. Выдатныя выступленні атрымаліся ў навучэнцаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава і Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, якія падзялілі першае месца. На другой пазіцыі замацаваліся сцягавыя групы Казлоўшчынскай сярэдняй школы і Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы.
Узнагароды пераможцам уручылі метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка і ветэран моладзевага руху Людміла Халопік.
Ірына КАЎКЕЛЬ