Працаваць, як зладжаны механізм

Важнае Свежыя навіны Улада

Вынікі работы ідэалагічнага актыву Дзятлаўскага раёна за 2018 год і задачы на 2019-ы абмеркавалі на выніковым пасяджэнні савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча.

На мерапрыемстве прысутнічалі старшыні сельвыканкамаў, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце гаспадарак, установаў, арганізацый Дзятлаўшчыны, прадстаўнікі грамадскіх і прафсаюзных арганізацый раёна.

Са справаздачай па галоўным пытанні выступіў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько. Ён зазначыў, што ў 2018 годзе дзейнасць ідэалагічнай вертыкалі раёна была скіравана на забеспячэнне інфармацыйнай і тлумачальнай работы з насельніцтвам, вырашэнне пытанняў, якія хвалююць дзятлаўчан, вывучэнне грамадскага меркавання, прыцягненне насельніцтва да сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасці, забеспячэнне надзённых запытаў і патрэбаў людзей, інфармаванне жыхароў раёна аб асноўных накірунках дзяржаўнай палітыкі і дзейнасці мясцовых органаў улады.

Як і раней, шмат увагі надавалася зваротам грамадзян, колькасць якіх летась зменшылася на 16%. Людзей хвалявалі работа камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, жыллёвыя пытанні, пытанні працы, праблемы аграпрамысловага комплексу, землеўпарадкаванне, добраўпарадкаванне могілак, выдаленне расліннасці, рамонт дарог і вясковых вуліц.  У 2019 годзе стаіць задача павысіць узровень тлумачальнай работы і выключыць факты фармальнага падыходу.

Актуальным застаецца пытанне ўкаранення здаровага ладу жыцця, работу ў гэтым кірунку трэба прадоўжаць, паколькі 2019 год праходзіць у нашай краіне пад дэвізам: “За здаровую Беларусь!”. На кантролі і надалей трэба трымаць пытанні садзейнічання занятасці, работы з пажылымі людзьмі, валанцёрскай дзейнасці, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, летняга аздараўлення школьнікаў, занятасці моладзі ў працоўных атрадах, замацавання маладых спецыялістаў, кадравага забеспячэння. Сярод задач на 2019 год таксама – удасканальваць работу сайтаў арганізацый, больш актыўна супрацоўнічаць з грамадскімі арганізацыямі, прыняць актыўны ўдзел у раённых і абласных праектах і акцыях да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Гродзенскай вобласці, дастойна адсвяткаваць гэтыя значныя даты.

Вопытам работы ў ідэалагічным кірунку падзяліліся спецыялісты раёна. Ацэнку эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі Казлоўшчынскага скльсавета, і з насельніцтвам па месцы жыхарства даў старшыня сельвыканкама Вадзім Бялятка. Намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” Уладзімір Мармыш расказаў аб арганізацыі ідэалагічнай работы ў сучасных умовах і шляхах павышэння яе эфектыўнасці на прыкладзе сваёй установы. Са станам ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны прысутных азнаёміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч. Ролю прафсаюзнай арганізацыі ў павышэнні якасці ідэалагічнай работы, згуртаванні працоўнага калектыву, вырашэнні вытворчых задач арганізацыі раскрыла старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ “Граніт-Агра” Алена Зенчык. Аб магчымасцях сацыяльна значнай дзейнасці грамадскіх арганізацый расказала намеснік старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Нікіпорчык.

Выступленні падрахункаваў Ігар Кухарэвіч. Ён падкрэсліў, што ідэалогія – гэта мнагавектарная работа, у цэнтры якой патрэбы людзей. Калі ўсе складальнікі ідэалагічнай вертыкалі раёна будуць працаваць сістэмна і зладжана, як адзіны механізм, праблемы можна вырашаць своечасова. Спецыялісты павінны бачыць кожнага чалавека, размаўляць з людзьмі, даваць кампетэнтныя тлумачэнні, будаваць канструкцыйны дыялог.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне спецыялістаў.

Ірына СТЫРНІК



Теги: