Паспець папярэдзіць пагрозу

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У сярэдняй школе №3 горада Дзятлава прайшлі адразу дзве сустрэчы з маскоўскім рэжысёрам, сцэнарыстам, журналістам, кіраўніком студыі “Кінакантакт”, аўтарам місіянерскага культурна-адукацыйнага і патрыятычна-выхаваўчага кінапраекта “Пад сонцам” Васілём Яцкіным.

Першая праца Васіля Яцкіна над серыялам “Пад сонцам”, прысвечаная музыканту Курту Кабэйну, была адзначана ўзнагародай місіянерскага аддзела Маскоўскай Патрыярхіі, фільм стаў дыпламантам фестываляў “Залаты Віцязь”, “Пакроў” у Кіеве і “Раданеж” у Маскве.

Арганізатарамі сустрэчы з рэжысёрам на Дзятлаўшчыне выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, Дзятлаўская благачынная царкоўная акруга.

Для навучэнцаў старэйшых класаў раённых установаў адукацыі ладзілася лекцыя па тэме “Сямейныя каштоўнасці”, для настаўнікаў, намеснікаў кіраўнікоў раённых арганізацый і прадпрыемстваў па ідэалагічнай рабоце і моладзі прапанавалася для разгляду тэма інфармацыйнай бяспекі.

Васіль Яцкін прадэманстраваў прысутным дакументальныя фільмы, у якіх былі ўзняты тэмы інфармацыйнай бяспекі, што асабліва актыўна прапагандуюцца сёння: адрыў ад роднай культуры, скажэнне гісторыі, падрыў традыцыйных каштоўнасцей грамадства. Гледачы даведаліся, як з дапамогай сучасных тэхналогій у свядомасць чалавека могуць укараняцца адмоўныя стэрэатыпы паводзін. Таксама рэжысёр надаў асаблівую ўвагу сямейнаму ўкладу, сучасным праблемам інстытута сям’і. Акрамя таго, узнімаліся пытанні дэмаграфіі, геапалітыкі, тэрарызму, наркаманіі, алкагалізму і курэння.

– Наша задача – праз сродкі масавай інфармацыі, педагогаў данесці да грамадства, навучэнцаў тое, як маніпулююць свядомасцю людзей з дапамогай музыкі, інтэрнэту, мультфільмаў, як успрымае моладзь стэрэатыпы паводзін далёкія ад ідэй здаровага ладу жыцця, якія ідуць насуперак з дэмаграфічнай палітыкай  нашых дзяржаў, – расказвае пра мэту сваёй працы Васіль Леанідавіч.

Таксама размова ішла аб развіцці культурна-духоўнай і гістарычнай спадчыны славянскіх народнасцей, былі прыведзены прыклады з жыцця падзвіжнікаў мінулага і сучаснасці, увага была звернута на мудрасць народных славянскіх і духоўных традыцый, укладу, веры.  Васіль Яцкін падзяліўся назіраннямі аб праблемах сучаснага выхавання і адукацыі. Яго выступленне не пакінула абыякавымі нікога з прысутных у зале.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ