Памяць мацнейшая за полымя. Курпешы

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Людская памяць мае межы, але некаторыя старонкі гісторыі нельга забыць, пакуль жыве чалавек.

Змоўклі гулы артылерыйскіх гармат, не адчуваецца паху спаленых вайною хат, але зямля і ўдзячныя нашчадкі захоўваюць імёны тых, каго няма сярод нас.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна не было значных прамысловых прадпрыемстваў. Заставаліся пераважна непрацуючыя памешчыцкія заводы і мануфактуры. Адным з месцаў, дзе знаходзілася прамысловасць па вытворчасці цэглы, была вёска Курпешы. Прадпрыемства называлі дзятлаўскай цагельняй, а ў народзе – курпешскай, бо было яно ў лясным масіве недалёка ад Курпешаў.

Значную пошукавую работу ў гэтым кірунку правялі вучні Раклевіцкай базавай школы пад кіраўніцтвам Алены Юльянаўны Бурдун. Ім удалося ўстанавіць, што дзятлаўская цагельня вырабляла пераважна будаўнічую чырвоную цэглу. Яна была суцэльная і пустацелая. Прадпрыемства забяспечвала цэглай жыхароў мястэчка Дзятлава і навакольных вёсак, працавала да Вялікай Айчыннай вайны. Яго ўладальнікам на пачатку XX стагоддзя быў паляк Лявошка, а ў 1924 годзе цагельню набыў жыхар вёскі Боцкавічы Павел Васюкевіч і валодаў ёю да верасня 1939 года. Вучні зрабілі першыя крокі па вывучэнні трагедыі спальвання вязняў Дзятлаўскай турмы ў цагельні.

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна акупацыя нямецка-фашысцкіх войскаў была ўстаноўлена з 29 чэрвеня 1941 года па 9 ліпеня 1944 года. Жыхары вёсак Трахімавічы, Вялікая Воля, Малая Воля, Дубраўка, Гарадкі былі расстраляны ў час карнай аперацыі “Гамбург”, якая ажыццяўлялася ў снежні 1942 года. Трагічнай старонкай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне з’яўляецца і карная аперацыя нямецкіх захопнікаў па знішчэнні яўрэйскага насельніцтва, так званая “Дзятлаўская разня”. У выніку яе было знішчана ўсё яўрэйскае насельніцтва Дзятлава, Казлоўшчыны, Дварца. “У цэнтры Дзятлава, недалёка ад цяперашняй плошчы 17 Верасня (у час нямецкай акупацыі яна насіла назву “Плошча Адольфа Гітлера” – аўтар) у пачатку 1944 года РОНАўцамі была створана турма. У яе склад уваходзілі два яўрэйскія двухпавярховыя дамы і будынак даваеннага кінатэатра. Гэта тэрыторыя была абнесена калючым дротам, на вартавой вышцы знаходзіўся часавы. Асабліва лютавалі паліцаі і ахоўнікі з атрада РОНАўцаў. Сярод іх сваёй жорсткасцю вылучаўся Працук, які жыў паблізу касцёла,” – успамінае жыхар Дзятлава Часлаў Ярмаловіч. Ён таксама прыгадаў генерала Камінскага, палкоўніка РОНАўцаў Бяляева, бургамістра Васіля Рагулю. У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе “Успаміны”, выдадзенай у Бельгіі ў 1954 годзе, Васіль Рагуля адзначаў, што “…навагрудскі “Гэбіткамісарыят” назначыў мяне без маёй згоды бургамістрам Дзятлаўскага раёна. Там я быў да часу, калі нямецкі фронт пачаў каціцца на захад. Трэцяга ліпеня 1944 года давялося ўцякаць на захад, дзе і туляюся да сёння.”

Да канца невядомай застаецца гісторыя, звязаная са спальваннем мірнага насельніцтва, партыйных і камсамольскіх актывістаў, мясцовых жыхароў за сувязь з партызанамі каля вёскі Курпешы. Па розных звестках загінулі звыш трохсот  чалавек. У гэты спіс уваходзяць захопленыя ў палон партызаны і тыя, хто быў з імі звязаны, савецкія актывісты. Засталіся ўспаміны жыхаркі Курпешаў Надзеі Мікалаеўны Шышня. Яе муж, Восіп Восіпавіч Шышня, быў вязнем дзятлаўскай турмы, якою кіраваў паліцай Агееў. Ёй удалося пагутарыць з мужам. Надзея Шышня расказала: “Недалёка ад Дзятлава размяшчаўся невялікі цагельны завод. У жыхароў ён называўся проста цагельня. Каля самай цагельні жыў Павел Васюкевіч, які родам з Боцкавічаў. У яго была вялікая хата, гумно і хлеў. У адну з начэй людзей сілай выпіхвалі з камер дзятлаўскай турмы, прымушалі садзіцца ў крытыя машыны. Па баках садзіліся ахоўнікі, пра ўцёкі нельга было і думаць. За адзін раз у машыны ўсе змясціцца не змаглі, і вязняў вывозілі ўсю ноч. Людзей заганялі ў хату і гумно. Стаяў жудасны лямант. Калі ў гумне людзі стаялі, то ў хаце іх звязанымі клалі на падлогу адзін каля аднаго. Пачуўся пах бензіну, мужчыны з усіх сіл калацілі ў дзверы, сцены, але заслоны былі моцныя. Сярод ахвяр сустракаліся дзеці. Карнікі падпалілі хату, хлеў і гумно… Пасля жудаснай трагедыі некаторыя блізкія загінулых прыйшлі на папялішча. Сярод астанкаў вязняў дзятлаўскай турмы знайшоўся чалавек, які застаўся жывы, бо быў у хаце ў падполлі печы. Яго родная сястра сама несла небараку, захутанага ў радзюжку, да вёскі Юравічы”.

Пра свайго дзеда, Уладзіслава Станіслававіча Кібіня, 1903 года нараджэння, расказаў яго ўнук Іван Збышкавіч Кібінь. “Мой бацька – Збігнеў Уладзіслававіч, узгадваў, што дзед служыў у Войску Польскім. Пасля заканчэння службы жыў у Раготне разам з жонкай Юзэфай Іванаўнай. У час фашысцкай акупацыі ён падтрымліваў сувязь з партызанамі. Па даносе здрадніка разам з іншымі аднавяскоўцамі быў арыштаваны ў канцы чэрвеня 1944 года, знаходзіўся ў дзятлаўскай турме. Толькі адзін раз бабуля Юзэфа Іванаўна змагла перадаць дзеду сумку з харчовымі прадуктамі. Аб тым, што вязні турмы спалены ў цагельні каля вёскі Курпешы, даведаліся 10 ліпеня, на другі дзень пасля вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў. Разам з роднымі Лявона Баярэвіча бацька і бабуля Юзэфа на коннай падвозе паехалі на месца спальвання вязняў турмы. Там яшчэ дымелі галавешкі ад пабудоваў. Сярод іншых абгарэлых астанкаў цела дзеда апазналі па рэштках вышыванай кашулі”.

Жыхарка аграгарадка Раготна Ганна Кароль прыгадала, што быў арыштаваны і спалены васямнаццацігадовы сын арганіста мясцовага касцёла. Міхаіл Сямёнавіч Буйко з вёскі Сачыўляны ўспамінае аповед бацькі пра роднага дзядзьку Аляксандра Міхайлавіча Буйко. Па даносе ён быў арыштаваны паліцэйскімі за сувязь з партызанамі, утрымліваўся ў дзятлаўскай турме, спалены ў курпешскай цагельні.

Вялікую работу па ўстанаўленні прозвішчаў невядомых загінулых праводзіць вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянцін Аляксеевіч Абухаў. Па звестках Нацыянальнага  архіва Рэспублікі Беларусь, адным з загінулых у цагельні быў Іван Іванавіч Шайбак. Вытрымка з архіўнай даведкі: “…Іван Іванавіч Шайбак, 1906 года нараджэння, з чэрвеня 1942 года па чэрвень 1943 года з’яўляўся сувязным партызанскага атрада “Перамога” Ленінскай брыгады былой Баранавіцкай вобласці, затым з чэрвеня 1943 года па ліпень 1944 года – сувязным партызанскага атрада “Ленінскі” Ленінскай брыгады былой Баранавіцкай вобласці. Іван Шайбак быў арыштаваны і спалены нямецкімі ўладамі ў мястэчку Дзятлава Дзятлаўскага раёна былой Баранавіцкай вобласці”. Вядома,  што Іван Шайбак разам з сям’ёй жыў у вёсцы Мядзвінавічы.

У гады акупацыі (1943 год) таксама за сувязь з партызанамі былі расстраляны і спалены жывымі 16 жыхароў вёскі Талявічы, а 15 снежня 1943-га спалены 11 жыхароў вёскі Клішавічы. Ганне Бондар з Клішавічаў на той час было ўсяго тры гады.

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна, калі ў вас ёсць інфармацыя пра тых, хто трапіў у дзятлаўскую турму, а затым быў знішчаны ў цагельні, паведамляйце яе ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна па тэлефоне 8-01563-2-15-03 вядучаму спецыялісту Валянціну Абухаву або аўтару гэтага артыкула (нумар тэлефона падкажа рэдакцыя газеты “Перамога”).

Міхал ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца



Теги: