У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе ён нарадзіўся, вырас, зямля, якая яго ўскарміла, калодзеж ці крынічка і вада з іх найсмачнейшая ў свеце. І менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа. Бо тут заўсёды светла і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога… Хай праз гады не патухне для нас агеньчык нашай роднай вёсачкі.
Любоўю да роднай зямлі, людзей, якія жывуць на гэтай зямлі, гонарам за свой край пранікнута ўся праца Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі – цэнтра духоўна˗мастацкай спадчыны. І пакуль мы цікавімся мінулым, вывучаем сваю гісторыю не перапыняецца сувязь пакаленняў. Пазнаёміць чытача з гісторыяй роднага краю, выхаваць пачуццё гонару за слаўнае мінулае сваіх землякоў, з павагай ставіцца да сваіх каранёў, культуры, традыцый і звычаяў – асноўная задача бібліятэкі. У рамках Года малой радзімы ў бібліятэцы аформлена кніжна ˗ ілюстраваная выстава «Жукоўшчына – гонар і лёс», на якой прадстаўлены фотаздымкі і гістарычныя даведкі пра палац, пабудаваны пры Эдмундзе Корсаку, які праіснаваў да канца 40˗х гадоў ХХ стагоддзя, спіртзавода маёнтка. Адна з паліц выставы прысвечана знакамітай жукоўшчынскай крынічцы. Выставу дапаўняюць вершы мясцовых паэтаў аб прыгажосці і непаўторнасці нашай малой радзімы.
Нам, людзям жукоўшчынскай краю, пасчасціла жыць на зямлі, якая ўзгадавала і дала крылы для палёту многім нашым славутым землякам. Бібліятэка працуе па бібліятэчнай мэтавай праграме «Жывая крыніца талентаў роднага краю». Літаратурны пакой «Знакамітыя людзі зямлі жукоўшчынскай» знаёміць з экспазіцыяй «Сцяжынкаю роднай зямлі», дзе адна з выстаў прысвечана Івану Пятровічу Івашэвічу, нашаму слыннаму паэту˗ змагару, які пісаў свае вершы пад псеўданімам Пятрусь Граніт. 24 студзеня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння паэта. З гэтай нагоды бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на гадзіну паэзіі «Не зводзіліся ўсе вякі ў Жукоўшчыне паэты», на якой гучалі вершы Петруся Граніта з кніжкі «Сцяжынка».
Сёлета мы будзем адзначаць 105˗годдзе з дня нараджэння другога нашага славутага земляка ˗ паэта Васіля Струменя (сапраўднае прозвішча Аляксандр Мікалаевіч Лебедзеў). Ён вырас у вёсачцы Зачэпічы, тут пачаў нацыянальна ˗ вызваленчую барацьбу за волю і лепшую долю працоўных Заходняй Беларусі, тут загаварыла яго сэрца паэта. А пазней ён напісаў такія радкі:
Мне сніцца маладосць, дзяцінства,
Трывожаць сэрца ўспаміны…
Душой і думкамі імкнуся
Заўсёды ў родныя мясціны.
Яшчэ адной адметнай датай у краязнаўчай рабоце бібліятэкі стане 70˗гадовы юбілей беларускага мастака дэкаратыўна ˗ прыкладнога мастацтва Арсеня Міхайлавіча Двараніна. Ён нарадзіўся 13 сакавіка 1949 года ў вёсцы Малыя Краглі. У 1964 годзе закончыў Жукоўшчынскую васьмігодку. Пазней паступіў у Мінскі архітэктурна ˗ будаўнічы тэхнікум. Пасля заканчэння ў 1968 годзе працаваў архітэктарам у Брэсцкім праектным інстытуце «Белдзяржпраект». Арсень Міхайлавіч цяпер жыве ў Гомелі. Мастак працуе ў жанры жывапісу – партрэт, пейзаж, нацюрморт. Асабліва талент мастака раскрыўся ў жанры габелену.
Бібліятэка імкнецца напоўніць сэрцы чытачоў пачуццём гонару за добрыя справы продкаў, абудзіць цікавасць да вывучэння мясцовай гісторыі і культуры ў шырокіх слаёў насельніцтва, даць магчымасць паглыбіць свае веды аб краі – вось сэнс асветніцкай работы бібліятэкі. А дэвізам усёй краязнаўчай дзейнасці служаць словы «І продкі з намі застануцца, інакш без іх мы не народ».
Людміла Цюленіна,
бібліятэкар Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі – цэнтра духоўна ˗ мастацкай спадчыны