На пытанні жыхароў раёна адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.
Пытанне: цяпер я працую. Дакументы для назначэння пенсіі павінен афармляць і прадстаўляць наймальнік. Ці прадугледжана адказнасць наймальніка за несвоечасовае афармленне дакументаў для назначэння пенсіі работніку? У чым яна заключаецца?
Адказ: заканадаўствам прадугледжана адказнасць наймальніка за своечасовасць і паўнату афармлення дакументаў для назначэння пенсій, дакладнасць звестак у іх. Так, артыкулам 76 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” на наймальніка ўскладзены абавязак своечасова афармляць і прадстаўляць ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне дакументы аб стажы работы, заробку, выніках атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы, неабходныя для назначэння пенсіі. Паводле артыкула, у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, наймальнікі нясуць матэрыяльную адказнасць перад пенсiянерамі за шкоду, нанесеную несвоечасовым і няпоўным афармленнем дакументаў, неабходных для назначэння, пераразліку пенсіі, а таксама за прадастаўленне дакументаў, якія змяшчаюць недакладныя звесткі.
Шкода, нанесеная вам наймальнікам, можа быць кампенсавана ім у добраахвотным парадку або спагнана вамі ў судовым парадку.
Пытанне: я доўгі час прапрацаваў у адной арганізацыі. Звольніўся ў канцы 2018 года. У пачатку лютага 2019 года мне ўстанавілі групу інваліднасці. Ці павінен былы наймальнік прадставіць ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне дакументы для назначэння мне пенсіі па інваліднасці? Ці абавязаны ён запатрабаваць у іншых арганізацыях даведкі аб маім стажы работы і заробку?
Адказ: працуючыя грамадзяне і члены іх сем’яў (у выпадку страты кармiльца) падаюць заяву аб назначэнні пенсіі праз наймальніка па месцы апошняй работы. Зборам дакументаў, неабходных для назначэння пенсіі, прадстаўленнем іх у орган па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне непрацуючыя грамадзяне павінны займацца самастойна.
Пры гэтым грамадзянін павінен ведаць, што пенсія, у тым ліку па інваліднасці, не назначаецца аўтаматычна. Назначэнне пенсіі носіць заяўны характар. Таму для рэалізацыі права на пенсію грамадзянін павінен звярнуцца па яе назначэнне. Зварот па назначэнне пенсіі можа ажыццяўляцца ў любы час пасля ўзнікнення права на пенсію без абмежавання якім-небудзь тэрмінам. Пры гэтым, па працоўную пенсію па інваліднасці мэтазгодна звяртацца на працягу трох месяцаў з дня ўстанаўлення інваліднасці. Калі вызначаны тэрмін звароту па пенсію па інваліднасці будзе выкананы, пенсія будзе назначана з дня ўстанаўлення інваліднасці. Калі грамадзянін звернецца пасля трохмесячнага тэрміну, пенсія яму будзе назначана з дня звароту.
Днём звароту па пенсію лічыцца дзень прыёму заявы аб назначэнні пенсіі з усімі неабходнымі дакументамі органам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ці дата на паштовым штэмпелі месца іх адпраўлення (калі заяву і ўсе неабходныя дакументы перасылаюць па пошце). У выпадку, калі для назначэння пенсіі прадстаўлены не ўсе неабходныя дакументы, для афармлення адсутных дакументаў грамадзяніну даецца месячны тэрмін. Калі дакументы будуць прадстаўлены на працягу месяца, днём звароту па пенсію будзе лічыцца дзень прыёму заявы аб назначэнні пенсіі.
Пытанне: ад чаго залежыць розніца ў памеры пенсіі па ўзросце ў перыяд работы і пасля звальнення?
Адказ: змена ў памеры пенсіі ў сувязі з працаўладкаваннем распаўсюджваецца на пенсіянераў, якія маюць індывідуальны каэфіцыент заробку (ІКЗ) вышэй за 1,3. Згодна з дзеючым заканадаўствам, у перыяд работы пенсія налічваецца і выплачваецца з улікам ІКЗ не вышэй за 1,3. Не мяняецца памер пенсіі ў перыяд работы ў пенсіянераў, непасрэдна занятых у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Пытанне: некалькі гадоў таму працаваў у камерцыйнай фірме без афармлення. Ці будзе залічаны гэты перыяд пры выхадзе на пенсію?
Адказ: не будзе, таму што ў гэты перыяд ваш наймальнік не выплачваў за вас абавязковыя страхавыя ўзносы.
Ірына КАЎКЕЛЬ