Добрасуседства супраць іспытаў лёсу

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У Гезгалах адкрылі кватэру сумеснага пражывання

Самая вялікая каштоўнасць – жыццё чалавека. На Дзятлаўшчыне вядзецца вялікая работа па забеспячэнні бяспечных умоваў жыцця грамадзян. Для павышэння ўзроўню супрацьпажарнай абароны і дасведчанасці насельніцтва ў пытаннях прафілактыкі надзвычайных сітуацый праводзяцца агляды-конкурсы на лепшае паселішча і жылы дом ўзорнага супрацьпажарнага парадку. Сёлета пры Дзятлаўскім райвыканкаме створана другая аглядавая камісія па забеспячэнні бяспечных умоваў пражывання грамадзян у горадзе Дзятлаве (усяго ў раёне функцыянуюць 12 аглядавых камісій).

На пастаянным кантролі зацікаўленых службаў – забеспячэнне бяспечных умоваў пражывання сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян: пажылых людзей і інвалідаў. Вялікая роля ў ажыццяўленні работы ў гэтым кірунку ў сацыяльнай службы і аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Дзейнасць аддзялення скіравана на максімальнае падаўжэнне знаходжання такіх грамадзян у звыклых умовах, падтрыманне іх сацыяльнага, псіхалагічнага, фізічнага статусу. На абслугоўванні ў аддзяленні 537 грамадзян пажылога ўзросту. Гэта самая эканамічная і запатрабаваная форма работы з пажылымі людзьмі, бо яны маюць магчымасць заставацца па месцы жыхарства. Аднак, вялікую трывогу выклікаюць людзі гэтай катэгорыі з аддаленых вёсак, дзе няма сацработніка, родных і блізкіх, а, часам, нават суседзяў.

Для вырашэння праблемы з 2013 года ў аддзяленні ўведзены новыя формы абслугоўвання – “Гасцявая сям’я” і “Дом зімоўкі”.

У 2015 годзе на Дзятлаўшчыне ўкаранілі сістэму дзяржаўнага сацыяльнага заказу, што дазваляе прыцягваць да аказання сацыяльных паслугаў дадатковыя чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы. Грамадзянам, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, аказваецца спецыялізаваная дапамога з удзелам тэрытарыяльнай установы аховы здароўя і раённага аддзялення Таварыства Чырвонага Крыжа.

Асноўнымі задачамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму з’яўляюцца: павелічэнне ахопу населеных пунктаў раёна надомным абслугоўваннем, павелічэнне колькасці грамадзян, якія знаходзяцца на такім абслугоўванні, павышэнне якасці паслугаў, узмацненне кантролю за супрацьпажарнай бяспекай, укараненне інавацыйных формаў работы. Так, з 2013 года ў аграгарадку Гезгалы функцыянуе Дом сумеснага самастойнага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, які выдатна сябе зарэкамендаваў за час работы, бо штогод ён дае часовы прытулак 17-20 чалавекам. Тым не менш, спецыялісты сацыяльнай службы раёна на дасягнутым не спыняюцца і плануюць на перспектыву.

Суседзі па ўзросце

Для аказання сацыяльнай дапамогі і паслугаў часовага прытулку адзінокім пажылым людзям і інвалідам, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, на Дзятлаўшчыне прадоўжана эксперыментальная інавацыйная дзейнасць у сферы сацабслугоўвання: 21 сакавіка 2019 года ў Гезгалах адкрылі кватэру сумеснага самастойнага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

У гэты дзень насельнікі кватэры сустракалі гасцей, сярод якіх былі намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая вёскі Нагародавічы Іаан Яровіч.

Сустрэча пачалася з віншаванняў і падарункаў. Вельмі важнымі сярод іх былі “маленькія абаронцы жыцця” – два аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Іх на бясплатнай аснове для сацыяльнага аб’екта выдзеліў і аказаў садзейнічанне ва ўстаноўцы Дзятлаўскі ўчастак Гродзенскага камбіната супрацьпажарных работ.

Таксама жыхары кватэры атрымалі ад гасцей чайны сервіз і пачастункі. Ігар Кухарэвіч пацікавіўся лёсам кожнага з пажылых людзей, спытаў, ці падабаецца ім жыць пад адным дахам, ці забяспечаны ўсім неабходным, пажадаў здароўя і добрых узаемаадносінаў. Айцец Іаан адзначыў, што ў кватэры сумеснага пражывання можна адчуваць сябе, як у вялікай сям’і. Калі такое ёсць, будзе і душэўны спакой, і радасць на кожны дзень.

Клопатам і падтрымкай забяспечаны

У час сустрэчы вельмі хацелася пачуць ацэнку старанням спецыялістаў, як кажуць, з першых вуснаў. І такая магчымасць выдалася. Насельнікі кватэры і іх “гаспадыня” – сацработнік Святлана Крэйдзіч падзяліліся ўражаннямі.

Валянцін Касцюкевіч, жыхар вёскі Азяраны:

– Сюды прывёў зменлівы лёс. Усё пачалося са смерці бацькоў у 1997 годзе. Жыць аднаму было нязвыкла, вырашыў паехаць да сястры ў расійскі горад Растоў. У Беларусі з 2000 года быў толькі раз, калі прыязджаў падлячыцца. Нядаўна сястра памерла, і мне давялося вярнуцца на Радзіму. Родную хату застаў у жахлівым стане: за час маёй адсутнасці чорныя нарыхтоўшчыкі металу “садралі” цынкавыя лісты з даху, з-за чаго драўляны дом згніў. Давялося звярнуцца да старшыні сельвыканкама, які і дапамог змясціць мяне сюды. Жыццё адразу набыло новыя фарбы. Наша Святлана Пятроўна – выдатны сацработнік, добрай душы чалавек, клапатлівая гаспадыня, такіх людзей трэба яшчэ пашукаць. Яна ўмее нас падбадзёрыць, рассмяшыць, у кватэры заўсёды пануе цёплая атмасфера.

Алена Бортка, жыхарка вёскі Рэпкі:

– У Рэпках цяпер жывуць чалавек 15. Мой дом – на вотшыбе, таму сацыяльная работніца заўсёды перажывала за мяне, каб чаго не здарылася. Дачка мая – у Літве, зімой ёй цяжка наведвацца часта, таму было прынята рашэнне зімаваць разам з сястрой – Юзэфай Чаркас, у якой не засталося блізкіх. Аднак сястра атрымала сур’ёзную траўму нагі, цяпер знаходзіцца ў бальніцы сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы. Я яе наведваю і падтрымліваю, выдатна, што маю такую магчымасць. Самой мне тут вельмі падабаецца: нас акружылі клопатам і падтрымкай, атмасфера зусім дамашняя. Асабліва ўдзячна за дапамогу нам з сястрой дырэктару Цэнтра – Таццяне Нікіпорчык.

Ірына Крупнік, жыхарка вёскі Малыя Шастакі:

– Жывецца нам выдатна, бо ў спецыялістаў сацыяльнай службы – залатыя рукі і сэрца. Гляньце, якая прыгажосць, чысціня і камфорт вакол. Я сюды трапіла з-за высокага ціску, вельмі кепска сябе адчувала. Цяпер, дзякуючы сацыяльным работнікам, здароўе палепшылася. Ды і жыць разам весялей. Лёсы ў маіх суседзяў нялёгкія, пагутарым, падтрымаем адзін аднаго – ужо лягчэй.

Святлана Крэйдзіч, сацыяльны работнік, замацаваны за кватэрай, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”:

– Сваіх падапечных і даглядаю, і кармлю, і забаўляю, і медыкаў ім выклікаю пры неабходнасці. Стараюся, каб людзі, якія тут жывуць, не адчувалі сябе адзінокімі ці непатрэбнымі. Даю ім пасільную работу: выцерці пыл, падрамантаваць лавачку ў двары. Яны радуюцца, што прыносяць карысць іншым. Для пажылога чалавека гэта вельмі важна. Стараюся па магчымасці ўсім дагадзіць. Думаю, маім падапечным тут падабаецца. Яны могуць пагутарыць, падбадзёрыць адзін аднаго, як вялікая сям’я. А мне прыемна, што мяне чакаюць, што я патрэбная, за гэта і ганаруся сваёй работай.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: