Вясна лічыцца пачаткам сезона навальніц, таму кожнаму неабходна ведаць правілы паводзінаў у час навальніцы і як абараніцца ад паражэння маланкай.
Перад навальніцай і ў час яе неабходна зачыніць дзверы, вокны і дымаходы, нельга паліць у печцы. Не дапускайце скразнякоў – гэта можа прыцягнуць шаравую маланку.
У час навальніцы неабходна знаходзіцца далей ад электраправодкі, антэнаў, вокнаў і дзвярэй; адключыць ад сеткі радыёпрыёмнікі і тэлевізары. Нельга карыстацца электрапрыборамі і тэлефонам.
Вельмі небяспечная навальніца ў полі. Нельга хавацца ў невялікіх хлявах, стагах з сенам, пад дрэвамі, якія растуць асобна; стаяць каля металічных агароджаў, вільготных сценаў, зазямлення маланкаадвода. Знайдзіце лагчынку, згрупуйцеся на зямлі, падціснуўшы ногі і абняўшы рукамі калені. Не варта класціся ва ўвесь рост на мокрую зямлю, бо яна з’яўляецца добрым правадніком электрычнасці.
Не трэба раскрываць над сабой парасон, падымаць над галавой доўгія сельскагаспадарчыя прылады. Як мага далей пакладзіце ад сябе любыя металічныя прадметы. Калі ў час навальніцы вы аказаліся ў лесе, хавайцеся пад нізкарослымі дрэвамі.
У час навальніцы нельга купацца, лавіць рыбу, неабходна далей адысці ад берага. Нельга ехаць на веласіпедзе або матацыкле (адыдзіце ад іх не менш як на 30 метраў). У аўтамабілі знаходзіцца можна, толькі зачыніце вокны,
апусціце антэну (аднак рухацца не рэкамендуецца).
Валянцін КАСЦЮКЕВІЧ,
інспектар Дзятлаўскай энергаінспекцыі