На Дзятлаўшчыне прайшоў семінар-нарада для спецыялістаў аддзелаў кадраў арганізацый Дзятлаўскага раёна па пытаннях занятасці насельніцтва, працоўнага зананадаўства, аховы працы.
Сустрэча ладзілася з ініцыятывы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Удзел у ёй прынялі 28 наймальнікаў раёна.
Аб выкананні на Дзятлаўшчыне патрабаванняў заканадаўства аб занятасці насельніцтва, раённым банку вакансій, найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях, магчымасцях перанавучання праз службу занятасці, супрацоўніцтве ў гэтым кірунку з наймальнікамі раёна расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань. Таксама Алена Мікалаеўна спынілася на пытаннях выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях”, сярод якіх – працаўладкаванне абавязаных асобаў у гаспадаркі і арганізацыі раёна, захаванне імі працоўнай дысцыпліны, недапушчэнне прагулаў, пагашэнне выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Аб неабходнасці захавання патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы ўдзельнікам семінара нагадала галоўны спецыяліст аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка. Таксама яна закранула пытанні якаснага правядзення атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы.
Намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела па працы і занятасці Святлана Волкава ўзняла найбольш актуальныя пытанні захавання заканадаўства аб працы: прадастаўлення працоўных водпускаў, парадку звальнення работнікаў, падмены працоўных адносінаў грамадзянска-прававымі.
З парадкам афармлення і прадастаўлення дакументаў для назначэння і пераразліку пенсій, парадкам назначэння датэрміновай пенсіі па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы ўдзельнікаў семінара-нарады азнаёміла намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.
У час пасяджэння прадстаўнікі арганізацый раёна мелі магчымасць задаць пытанні спецыялістам і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы.
Вынікі сустрэчы падвяла Святлана Волкава, зазначыўшы, што праблемы садзейнічання занятасці, аховы працы, стварэння новых працоўных месцаў, павышэння вытворчай дысцыпліны і надалей будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі зацікаўленых службаў. Таму варта пастаянна трымаць на кантролі і ўдасканальваць работу ў гэтым кірунку.
Ірына СТЫРНІК