Аб правілах нарыхтоўкі бярозавага соку

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Пры аптымальнай сярэднясутачнай тэмпературы пачнецца актыўны рух соку, і работнікі лясной гаспадаркі зоймуцца падсочкай бярозавых дрэваў. Дзятлаўскі лясгас надасць шмат увагі ахоўным прыродным тэрыторыям, бярозавым гаям і змешаным лясным насаджэнням, дзе растуць дрэвы бярозы.

Што трэба ведаць для нарыхтоўкі драўняных сокаў, расказаў інжынер па ахове лесу Дзятлаўскага лясгаса Міхаіл Карэнка:

– У камлёвай частцы адабраных для нарыхтоўкі драўняных сокаў дрэваў на вышыні 30-50 сантыметраў ад узроўню зямлі вызначаюць размяшчэнне і колькасць подсочных адтулін у залежнасці ад дыяметра дрэва:

пры дыяметры 20-26 сантыметраў – 1 адтуліна;

пры дыяметры 27-34 сантыметры – не больш за 2 адтуліны;

пры дыяметры 35-40 сантыметраў – не больш за 3 адтуліны;

пры дыяметры больш за 40 сантыметраў – не больш за 4 адтуліны.

Пры свідраванні дрэваў неабходна выконваць наступныя патрабаванні:

перад свідраваннем канала грубую кару здымаюць стругам або сякерай без пашкоджання лубу;

каналы свідруюць пасля пачатку руху соку, што вызначаецца ўколам шыла ў ствол дрэва. Каналы высвідроўваюцца з некаторым ухілам уніз для лепшага сцёку соку. Дыяметр канала – сантыметр, глыбіня – два-тры сантыметры без уліку таўшчыні кары;

пад падрыхтаванай адтулінай для сцёку соку ўстаўляецца жалабок. Пад жалабкамі ўсталёўваюцца соказборнікі (шкляныя або эмаляваныя ёмістасці, поліэтыленавыя мяшкі).

Пры нарыхтоўцы драўняных сокаў дапускаецца замест свідравання падсочных адтулін прапільванне бензапілой без зняцця кары.

Пасля заканчэння сезона нарыхтоўкі драўняных сокаў жалабкі здымаюцца, а адтуліны закрываюцца драўлянай затычкай. Адтуліны і зрэзы замазваюцца варам, садовай маззю, глінай, якая змяшчае 15-20% драўнянага вуглю. Усе гэтыя працэдуры неабходна выконваць з мэтай прафілактыкі папярэджання захворвання дрэваў.

У лясніцтвах вызначаны ўчасткі лесу, прызначаныя для нарыхтоўкі бярозавага соку грамадзянамі для ўласных патрэбаў. Усе жадаючыя нарыхтаваць бярозавы сок самастойна для асабістых мэтаў павінны звярнуцца ў лясніцтва. Спецыялісты пакажуць адведзеныя для збору соку ўчасткі, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі. За парушэнне правілаў нарыхтоўкі бярозавага соку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Аб парушэннях правілаў нарыхтоўкі драўнянага соку можна паведаміць у Дзятлаўскі лясгас па тэлефоне 6-10-70.

Юлія БАКУНОВІЧ