“Зялёная аптэка” для агарода

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Прадаўжаем вывучаць культуру арганічнага земляробства для выкарыстання на ўласных прысядзібных участках.

У гэтым нам дапамагае жыхар аграгарадка Хвінявічы, пенсіянер, аграном са шматгадовым стажам Вацлаў Залеўскі. У час нашай чарговай гутаркі Вацлаў Браніслававіч расказаў, як ужо каторы год без “хіміі” змагаецца з хваробамі і шкоднікамі раслін, вырошчваючы дастойныя ўраджаі “здаровай” агародніны на сваім прысядзібным участку.

Не пусцім “хімію” на градкі

– Для выкарыстання другога, самага адказнага пастулата экалагічна арыентаванага арганічнага земляробства – адмовы ад чыстай хіміі пры абароне агародніны ад шкоднікаў і хваробаў – давялося зімой старанна папрацаваць з літаратурай. Першае і галоўнае, што зразумеў: хваробу лягчэй папярэдзіць, чым пасля лячыць. Таму я пабудаваў сістэму прафілактычных апрацовак раслінаў з чаргаваннем ахоўных сродкаў прыроднага паходжання. Вядома, работа з імі патрабуе больш часу і працоўных затрат, затое прыродныя сродкі не шкодзяць арганізму, навакольнаму асяроддзю, аказваюць станоўчае ўздзеянне на якасныя спажывецкія паказчыкі атрыманай прадукцыі.

Як універсальны сродак прафілактыкі і барацьбы са шкоднікамі і хваробамі сада і агарода я выкарыстоўваю адвар шалупіння цыбулі. У ім утрымліваецца цэлы набор мікра- і макраэлементаў, вітаміны групы А і В, якія пры некаранёвай падкормцы садзейнічаюць умацаванню устойлівасці раслін супраць розных захворванняў. Дабратворна ўздзейнічае адвар і на глебу, знішчаючы патагенную мікрафлору, перашкаджаючы размнажэнню шкоднікаў. Нават просты паліў глебы настоем шалупіння цыбулі парад сяўбой або высадкай расады дазваляе бяспечна прадэзынфіцыраваць грунт.

Я пастаянна выкарыстоўваю выцяжку для прафілактыкі мучністай расы на гарбузовых культурах. Пры пашкоджанні лісця мучністай расой апрацоўку паўтараюць праз пяць дзён. На пачатку і ў сярэдзіне лета настоем шалупіння цыбулі апрацоўваю моркву супраць маркоўнай мухі. Раблю прафілактычныя апрацоўкі таматаў супраць фітафторы. Паспяхова выкарыстоўваю адвар, змешаны з вадкім мылам, супраць тлі, сунічнага кляшча, пладажэркі, а для лепшага выніку раю дадаваць на 10 літраў раствору сталовую лыжку парашку гарчыцы.

Для прыгатавання ўнікальнага настою дастаткова 2-3 прыгаршчы шалупіння цыбулі заліць пяццю літрамі гарачай вады і настаяць суткі, а перад выкарыстаннем разбавіць вадой. Для барацьбы са шкоднікамі колер выцяжкі павінен мець інтэнсіўна-цёмнае адценне, для некаранёвай падкормкі – светла-чайнай заваркі.

У даўнія часы людзі выкарыстоўвалі попел у якасці каштоўнага ўгнаення, пазней заўважылі, што ён здольны абараняць расліны. Цяпер практыка выкарыстання попелу дробнай фракцыі для апрацоўкі раслінаў ад тлі, крыжакветнай блошкі, лічынак цыбульнай мухі па расе ці пасля дажджу даволі распаўсюджана, не пераносіць попелу мучністая раса, шэрая гнілата, кіла.

Для прафілактыкі я выкарыстоўваю выцяжку попелу пры апрацоўцы расады і ўсходаў, апырскваючы расліны вечарам у сухое надвор’е. Склад раствору: 30 грамаў попелу на літр вады кіпяціць 10 хвілін, астудзіць, працадзіць. У ачышчаны шчолак дадаць 3-5 грамаў гаспадарчага мыла ў разліку на літр.

Супраць мурашак, смаўжоў, слімакоў дарожкі і міжраддзі пасыпаюць попелам буйной фракцыі.

У 2018 годзе ў першай палове жніўня пры яўным паражэнні асобных участкаў лісця ніжняга яруса я правёў дзве апрацоўкі супраць фітафторы таматаў растворам дражджэй (5 грамаў сухіх дражджэй на 20 літраў цёплай вады). Пасля першай апрацоўкі фітафтора адступіла. Пасля другой у канцы жніўня – памідоры плоданасілі да сярэдзіны кастрычніка. Варта ўдакладніць, што дрожджы актыўна працуюць толькі ў цёплым вільготным асяроддзі, пры наяўнасці дастатковай колькасці арганічнага рэчыва ў глебе. Халоднае надвор’е калі не знішчыць эфектыўныя мікраарганізмы, то затармозіць іх развіццё і не дасць чаканага эфекту.

Практыка даўно даказала карысць апрацоўкі агуркоў, гарбузоў, кабачкоў ад мучністай расы, таматаў – ад фітафторы растворам малочна-кіслых бактэрый. Рэцэпт яго просты: літр сыроваткі ці кефіру на 10 літраў вады, пры гэтым рэкамендуецца дадаваць ёд. Аднак варта папярэдзіць, што на 10 літраў раствору дазваляецца выкарыстаць не больш як 3-5 кропель ёду, паколькі ён даволі агрэсіўны і можа знізіць жыццяздольнасць малочна-кіслых бактэрый.

Сёлета я ўжо прыгатаваў спіртавую настойку праполісу і рыхтуюся выпрабаваць параду сваёй чытачкі. Дастаткова некалькіх кропель настойкі на 10 літраў вады, да лёгкага памутнення, – і прэпарат для прафілактыкі мучністай расы на агурках і цыбулі, фітафторы – на таматах гатовы да ўжытку.

Пад ураджай 2019 года я набыў “Фітаспарын-М” і Гумі. Па водгуках вопытных спецыялістаў, Фітаспарын – універсальны абаронца раслін супраць узбуджальнікаў грыбковых і бактэрыяльных хваробаў. Гумі – узмацняе жыццеўстойлівасць раслін у неспрыяльнае надвор’е, падтрымлівае актыўнасць мікраарганізмаў глебы, абараняе яе ад таксічных рэчываў, ён таксама спрыяе корнеўтварэнню, росту і развіццю надземнай часткі раслінаў.

Ірына КАЎКЕЛЬ