Напярэдадні Дня Абаронцаў Айчыны ў Раготнаўскім дзіцячым садзе-базавай школе прайшла сустрэча вучняў V-VІІ класаў з ваеннаслужачым тэрміновай службы яфрэйтарам Аляксандрам Курманам, выпускніком гэтай установы адукацыі.
Пра тое, як важна быць сапраўдным мужчынам і валодаць духам патрыятызму, Аляксандр расказаў сваім малодшым сябрам:
— На воінскай службе я ўжо 15 месяцаў. Спачатку было складана прывыкаць да армейскай дысцыпліны, строгага распарадку дня. Але з цягам часу ўсё наладзілася, і сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што служыць мне падабаецца, і нават разглядаю такі варыянт, каб застацца на службе пасля заканчэння тэрміну.
На маю думку, такі жыццёвы этап, як служба ў арміі, павінен прайсці кожны юнак, бо армія выхоўвае самастойных і мужных людзей. Толькі там пачынаеш разумець, што для цябе значыць Радзіма, блізкія людзі і сябры, там жа загартоўваецца характар і як быццам бы раптам становішся дарослым .
А вам, сябры, я хацеў бы параіць добра вучыцца, займацца спортам таму, што фізічная падрыхтоўка — гэта вельмі важны паказчык для службы ў арміі.
Аляксандр павіншаваў калектыў установы, асабліва моцную палову, з надыходзячым святам. Пажадаў моцнага здароўя, творчых поспехаў, дабрабыту, сонечных дзён і мірнага неба над галавой.
Людміла Кардаш,
класны кіраўнік V класа Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы