“За любімую Беларусь!”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

З 11 па 18 лютага 2019 года Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі дасць старт традыцыйнай Усебеларускай акцыі “За любімую Беларусь!”. У яе аснове – ідэі дабра, патрыятызму, любові да сваёй Радзімы. Нездарма сімваламі праекта з’яўляюцца чырвона-зялёныя сэрцы з надпісам “За любімую Беларусь!”.

Саюзная моладзь Дзятлаўшчыны таксама ўключыцца ў акцыю, каб папоўніць скарбонку добрых спраў і цікавых падзей. Мерапрыемствы праекта “За любімую Беларусь!” будуць праходзіць на працягу года з удзелам шырокага кола грамадскасці, з запрашэннем заслужаных людзей, ветэранаў, кіраўнікоў, работнікаў розных сфер раёна, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Ужо распрацаваны каляндар раённых падзей акцыі.

У лютым моладзь Дзятлаўшчыны будзе актыўна выкарыстоўваць сардэчкі-лагатыпы, уручаць іх дзятлаўчанам у час мерапрыемстваў і сустрэчаў, з’явіцца гэта сімволіка і на інфармацыйных стэндах пярвічак. У навучальных установах пройдуць флэш-мобы, удзельнікі якіх на вялікіх палотнішчах створаць калектыўныя сімвалы “За любімую Беларусь!” з сэрцамі-пажаданнямі для сваіх родных, сяброў, педагогаў, малой радзімы. Будуць ладзіцца конкурсы малюнкаў, творчыя вечары, маладыя людзі змогуць адрасаваць валянцінкі сваім кумірам.

У сакавіку моладзевыя мерапрыемствы, конкурсы і сустрэчы будуць прысвечаны Дню Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні Дня Незалежнасці з мэтай шырокага прыцягнення моладзі да ўдзелу ў акцыі таксама прадугледжана арганізацыя рознапланавых мерапрыемстваў: правядзенне сустрэч, дыялогаў пакаленняў, мітынгаў ля помнікаў і мемарыялаў вайсковай славы, вахтаў памяці.

Дзень свайго заснавання Саюз моладзі адзначае ў верасні. У рамках акцыі “За любімую Беларусь!” у гэты час пройдуць сустрэчы пакаленняў, адкрытыя дыялогі, цырымоніі віншавання і ўзнагароджання маладзёжнага актыву, маладых спецыялістаў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстановаў, якія дабіліся высокіх вынікаў работы.

У кастрычніку 2019 года ў Рэспубліцы Беларусь пройдзе перапіс насельніцтва. Для больш шырокага прыцягнення моладзі да ўдзелу ў перапісе будуць ладзіцца тэматычныя мерапрыемствы па ўручэнні дзяржаўнай сімволікі сем’ям рэспандэнтаў, прйдуць адкрытыя дыялогі моладзі “Перапіс насельніцтва: Беларусь учора, сёння, заўтра”, будзе наладжана работа мабільных пляцовак.

Калі ты малады, энергічны, калі ў тваім сэрцы жыве любоў да роднай краіны – будзь з намі, прымі ўдзел у акцыі БРСМ “За любімую Беларусь!”.

Кацярына ХІЛІМОНЧЫК,
першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”



Теги: