Узрост поспеху. Аграсядзібе “Каля дуба” 10 гадоў

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У Беларусі шмат маляўнічых мясцін, таму агратурызм у нашай краіне – адзін з прывабных відаў адпачынку.

Не выключэнне гасцінная Дзятлаўшчына, дзе знаходзіцца некалькі прыгожых сядзібаў, дастойных увагі турыстаў. Адна з іх – “Каля дуба”, што ў вёсцы Цяцейкі, сёлета адзначае свой 10-гадовы юбілей. Мы пагутарылі з гаспадарамі гэтага райскага куточка Сяргеем і Жаннай Калпінскімі, даведаліся, з чаго пачынаўся і як развіваўся іх сямейны бізнэс.

– Прымаць гасцей мы пачалі ў студзені 2009 года, а ідэя стварэння сядзібы зарадзілася ў 2003-ім. Спачатку гэта была задумка набыць вясковы домік пад дачу. Прывабілі Цяцейкі, акружаныя з усіх бакоў лесам. Дарога ў вёску выбоістая, звілістая, нібы ў казцы. Зачароўваюць вялізныя векавыя дрэвы, цішыня і чыстае паветра. У вёсцы перад нашым засяленнем заставалася менш за дзесяць жылых дамоў: старыя жыхары паміралі, іх дзеці не бачылі сэнсу добраўпарадкаваць бацькоўскія хаты. Своечасовым быў указ Прэзідэнта, які даў спрыяльныя ўмовы жадаючым развіваць агратурызм. З гэтай нагоды ў нас адбыўся сямейны савет. Што будзе няпроста – разумелі, аднак вырашылі паспрабаваць.

Пачалі збіраць неабходнае для сядзібы. Практычна ўся мэбля ў гасцявым доме зроблена рукамі гаспадара. Стол, ложак, паліцы і камоды – з ясеняў, якія спілавалі каля дома, пакуль наводзілі парадак. Пакой упрыгожвае моцны драўляны стол, лавы, імправізаваны бар на месцы былога аконнага праёму.

Сяргей збіраў у навакольных вёсках саматканыя посцілкі, старыя вышыўкі, якія цяпер выдатна глядзяцца на сценах дома. Разваленую камоду-сакратэр знайшоў у хляве ў Наваельні. Адрэстаўраваная яна выглядае як антыкварыят. Побач – стогадовы столік. На сцяне – склюты (сякеры, якімі абчэсвалі бярвенне). У кожным з двух пакояў – вясковая печ, на якой можна спаць. А за акном утульнай і цёплай хаты шуміць векавы дуб, які і даў назву сядзібе – “Каля дуба”.

– Ці ёсць у вас памочнікі?

– Сталі дапамагаць родныя, сябры і проста малазнаёмыя людзі. Мы ўдзячны бацькам, дзецям, братам, сястры, швагру, хроснай, без якіх не справіліся б. Ёсць у нас цікавая пасада “зачуга” – загадчыца чужой гаспадаркай: любімая цешча, без піражкоў якой не праходзіць ні адно Вадохрышча. Добрыя словы адрасуем таксама Уладзіміру Казаку, Віктару Адамчыку, Алегу Манчуку, кіраўніцтву раёна, Дварэцкаму сельвыканкаму, якія дапамагаюць вырашаць вялікую колькасць пытанняў, што ўзнікаюць па рабоце сядзібы. Дзякуй электрасеткам за сучаснае асвятленне вёскі, ДЭУ – за абслугоўванне дарогі, асабліва зімой.

– Чым сядзіба “Каля дуба” прываблівае гасцей?

– У Цяцейках з зямлі б’юць крыніцы. Яны сілкуюць штучную сажалку, вада тут чыстая, прыжыліся ракі і фарэль. Да берагоў падступаюць магутныя дрэвы. Ёсць кавалачак пясчанага пляжа з лежакамі, гледзячы на ​​які, госці кажуць: “І навошта моры і акіяны, калі на радзіме можна адпачыць у цішыні і чысціні”. Ёсць на беразе дзве альтанкі, калодзеж з крынічнай вадой, каля пірса – лодка.

Большасць людзей прыязджае да нас па ціхі сямейны адпачынак, аднак мы прапануем і актыўныя яго віды. Зімой можна пакатацца на лыжах, санках, каньках. Летам – парыбачыць, схадзіць па грыбы і ягады. Ёсць мячы, дартс, бадмінтон. Можна ў нас адсвяткаваць адметныя даты: нараджэнні, юбілеі, вяселлі. Два разы на год наведаць “Каля дуба” можа бясплатна любы чалавек (на Вадохрышча і ў Дзень адчыненых дзвярэй, якія традыцыйна ладзім у студзені і маі). На экскурсію да нас прыязджаюць інваліды, дзеці са школ і летнікаў. За 10 гадоў работы нас наведалі тысячы гасцей з розных краін і рэгіёнаў Беларусі. Найчасцей едуць з Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі, але былі таксама госці з Бразіліі, Амерыкі, Канады, Аўстрыі, Францыі, Германіі, Англіі, Ізраіля.

– Як папулярызуеце свой бізнэс?

– Больш за год таму сталі супрацоўнічаць з міжнароднай інтэрнэт-пляцоўкай “Booking.com”, якая рэкламуе нас па ўсім свеце. Нядаўна атрымалі ліст ад Віцэ-прэзідэнта службы падтрымкі партнёраў і кліентаў Booking.com Джэймса Вотэрса, у якім сказана: “хвалебны водгук госця – радасць, якой хочацца падзяліцца з усімі. У 2018 годзе вашы кліенты нястомна дзякавалі вам за сэрвіс – і цяпер ваша ацэнка, па водгуках, адна з самых высокіх на Booking.com. Мы вельмі рады ўручыць вам узнагароду GuestReviewAwards2018 ад Booking.com. Прыміце нашы шчырыя віншаванні”.

Наша ацэнка склала 9,8 з 10 магчымых, за што вялікі дзякуй гасцям, якія так высока ацанілі нашу работу. Гэта выдатны падарунак на 10-годдзе аграсядзібы. Падтрымліваць такі рэйтынг будзе няпроста. Ведаем і нашы мінусы: дарогі і інтэрнэт. На жаль, ад нас яны не залежаць. Тым не менш, не стаім на месцы: пачалі будаваць лазню з хрысцільняй, хочам рэстаўраваць яшчэ адзін дом на ўчастку, купіць веласіпеды. Ідэям і жаданням няма межаў, галоўнае, каб рэалізаваць іх заўсёды дазвалялі магчымасці.

Гутарыла Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадаставілі Сяргей і Жанна Калпінскія



Теги: