У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці 22 лютага прайшла канцэртная праграма, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны – свята ўсіх сапраўдных, мужных і справядлівых мужчын.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік у сваім выступленні адзначыў, што гэта свята – даніна памяці ўсім пакаленням воінаў, якія ў цяжкіх баях адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы. Мы аддаём даніну глыбокай павагі ўсім пакаленням: героям Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам узброеных лакальных канфліктаў, тым, хто аддаў сваё жыццё за мір і спакой людзей. Пажадаў усім абаронцам Радзімы, і тым, хто служыў, і хто нясе нялёгкую службу цяпер, здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы, шчаслівых і доўгіх гадоў мірнага жыцця.
Выказаў словы ўдзячнасці ўсім, чый грамадзянскі і воінскі абавязак – гэта добрасумленна служыць Радзіме, Андрэй Волкаў, намеснік ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна. Павіншаваў з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, пажадаў поспехаў, шчасця, міру і дабра. Уручыў пагоны на чарговае воінскае званне – старшага лейтэнанта запасу – Івану Кашко.
Словы падзякі былі адрасаваны хлопцам, якія цяпер служаць, а таксама іх бацькам. Андрэй Волкаў уручыў бацькам дзятлаўчан, якія годна нясуць тэрміновую ваенную службу, Падзячныя лісты ад камандавання тых часцей, дзе служаць іх сыны.
Павіншавала мужчын ад імя ўсіх жанчын раёна намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Нікіпорчык. Яна падзякавала за моцнае мужчынскае плячо, за падтрымку і разуменне, бязмежнае цярпенне да жанчын. Пажадала заставацца моцнымі, смелымі, вернымі, любімымі, непераможнымі абаронцамі сваіх сем’яў, ідэй, імкненняў і жыццёвых прынцыпаў.
Прыемным падарункам для прысутных мужчын і ўсіх гледачоў былі выступленні нашых таленавітых артыстаў Дзятлаўшчыны: і дарослых, і дзяцей. Бурныя апладысменты былі адрасаваны хлопчыкам – будучым абаронцам Айчыны, якія выконвалі танец “Яблочко”, маленькім танцорам калектыву “Сунічкі”, цыркавой студыі “Марсі”, барабаншчыцам гімназіі №1.
Напрыканцы вядучыя мерапрыемства яшчэ раз павіншавалі ўсіх мужчын, пажадалі шчасця, каб 23 лютага падарыла радасны настрой, станоўчыя эмоцыі і прыемныя ўспаміны.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота і відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ