З 15 па 23 лютага ў Беларусі пройдзе рэспубліканская моладзевая акцыя “Я служу!”. Яна ладзіцца з удзелам Міністэрства абароны нашай краіны і заклікана сфарміраваць у бацькоў і моладзі прызыўнога ўзросту правільнае разуменне неабходнасці службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.
У рамках акцыі 23 лютага Дзятлаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ” і ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна арганізуюць паездку на дзень адчыненых дзвярэй у вайсковую часць горада Слоніма. Прыняць удзел у паездцы арганізатары заклікаюць бацькоў дзятлаўчан, якія праходзяць службу ў Слоніме, а таксама бацькоў навучэнцаў старэйшых класаў школ раёна і саміх юнакоў, якім у хуткім часе давядзецца служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.
У час візіту ў вайсковую часць моладзь і дарослыя пазнаёмяцца з умовамі службы, матэрыяльна-тэхнічнай базай, даведаюцца пра нормы харчовага забеспячэння салдат і арганізацыю іх вольнага часу, пабачаць тэхніку і ўзбраенне, сустрэнуцца з камандаваннем, шмат пачуюць аб традыцыях беларускай арміі, асновах вайсковай службы, у тым ліку службы па кантракце, аб адказнасці ваеннаслужачага.
Жадаючыя прыняць удзел у паездцы па больш падрабязную інфармацыю могуць звяртацца па тэлефонах: 2-52-63 (раённы камітэт ГА “БРСМ”), 2-15-03 (вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянцін Абухаў).
Кацярына ХІЛІМОНЧЫК,
першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”