У Дзятлаўскім раёне прайшоў шырокамаштабны сельскі сход па пытаннях папярэджання надзвычайных сітуацый і гібелі людзей на іх.
Сустрэча ладзілася ў Доме культуры аграгарадка Жукоўшчына з запрашэннем работнікаў мясцовых арганізацый і насельніцтва. Удзел у сходзе прынялі начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шпарло, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, прадстаўнікі раённых службаў.
Гэты дзень быў адметны не толькі для дарослых: ратаўнікі паклапаціліся аб тым, каб навучэнцы мясцовай школы змаглі пазнаёміцца з пажарнай тэхнікай, пабачыць спецвопратку і абсталяванне, даведацца шмат цікавага аб рабоце “агняборцаў”.
Напачатку пасяджэння спецыялісты Дзятлаўскага РАНС з дапамогай тэматычных відэастужак і слайдаў прадэманстравалі ўдзельнікам сходу, з якімі надзвычайнымі сітуацыямі могуць сутыкнуцца людзі. Начальнік Дзятлаўскага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык давёў да ведама вяскоўцаў аператыўную інфармацыю пра становішча з пажарамі і гібеллю ад іх. Увага прысутных была звернута на неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі, устаноўкі ў домаўладаннях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, паколькі з дапамогай гэтых прыбораў удалося выратаваць не адзін дзясятак чалавечых жыццяў.
Аб праблемах бяспекі дзяцей і дарослых у розных сферах жыццядзейнасці расказалі прадстаўнікі іншых службаў прафілактыкі раёна: начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, начальнік энергаінспекцыі Вячаслаў Кець, начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар, выконваючая абавязкі намесніка галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ па экспертызе і рэабілітацыі Наталля Літвінская.
З аператыўнай абстаноўкай, якая складваецца на тэрыторыі Жукоўшчынскага сельсавета, жыхароў азнаёміў участковы інспектар міліцыі Дзяніс Жыбарт. Начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Біль заклікаў вяскоўцаў больш пільна адносіцца да сваёй маёмасці, не дапускаць п’янства і бытавых скандалаў, не быць раўнадушнымі да таго, што адбываецца побач.
Старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык расказаў пра работу аглядавай камісіі, папрасіў жыхароў сельсавета не перашкаджаць доступу спецыялістаў у свае домаўладанні. З такой жа просьбай да наймальнікаў ведамаснага жылля звярнулася намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Жукоўшчына” Алена Свіб.
Вынікі сустрэчы падвёў Сяргей Шпарло. Ён падкрэсліў, што ў сферы бяспекі няма малазначных пытанняў. У вобласці выпрацавана сістэма работы ў гэтым накірунку. Дзе службы працуюць без фармалізму – адзначаюцца станоўчыя вынікі.
Ігар Кухарэвіч зазначыў, што пытанням прафілактыкі на Дзятлаўшчыне надаецца шмат увагі. Аглядавыя камісіі сочаць за выкананнем супрацьпажарных і іншых нормаў, аднак больш клапаціцца пра ўласную бяспеку павінны і самі людзі, а бацькі яшчэ абавязаны сачыць за дзецьмі, падаваць ім станоўчы прыклад, вучыць, як пазбягаць небяспечных сітуацый.
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікаў сходу заклікалі на невялікі канцэрт.
Ірына СТЫРНІК