Сёння з калектывам аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама сустрэўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, каб расказаць аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год.
У мінулым годзе з-за неспрыяльнага надвор’я не ўдалося дасягнуць пастаўленых мэтаў у аграрным сектары раёна, аднак на 2019 год прадугледжваецца нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, жывёлагадоўлі і паляпшэнне якасці прадукцыі.
Прадпрыемствы нашага раёна актыўна асвойваюць рынкі рэалізацыі прадукцыі.
Тэмп росту турыстычных паслугаў склаў 109%, што прыносіць нядрэнны прыбытак для раёна.
Таксама Ігар Кухарэвіч расказаў аб сітуацыі на рынку працы. Там назіраецца тэндэнцыя памяншэння колькасці тых, хто стаіць на ўліку беспрацоўных.
Працягваецца работа па падтрыманні на неабходным узроўні ўстановаў сацыяльнай сферы. Палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў аховы здароўя, пачалі дзейнічаць электронныя рэцэпты, якія паляпшаюць якасць абслугоўвання насельніцтва.
Работа сістэмы адукацыі Дзятлаўскага раёна мае станоўчыя тэндэнцыі развіцця, аднак ёсць некаторыя пытанні, на якія трэба звярнуць увагу. Аддзелам адукацыі выкананы ўсе мінімальныя сацыяльныя стандарты. Выкананы план адукацыйных паслугаў, павялічылася заработная плата работнікаў адукацыі.
Працягваецца работа па развіцці культурнага абслугоўвання насельніцтва, паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў культуры.
Бібліятэчнае абслугоўванне раёна знаходзіцца на належным узроўні, карыстаецца попытам работа бібліобусаў.
Намеснік старшыні райвыканкама адзначыў, што ёсць пэўныя дасягненні ва ўсіх установах сацыяльнай сферы, але ёсць яшчэ шмат рэзерваў, на якія трэба звярнуць увагу пры планаванні работы.
Юлія БАКУНОВІЧ